Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 сакавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НА ДВАРЫ

Днём тэмпэратура ад 7 да 15 градусаў цяпла, магчымы кароткачасовы дождж. Рэкі рыхтуюцца да вясновай паводкі, у сярэднім за суткі адзначаецца падвышэньне ўзроўню вады ад 1 да 40 см.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА

У галерэі «Акадэмія» (Менск, вул. Сурганава, 14) адкрыецца дабрачынная выстава-продаж «Мастацтва дорыць надзею», арганізаваная, каб дапамагчы студэнтцы Анастасіі Майстрэнцы. Стася патрабуе сродкі на лячэньне цяжкой хваробы – саркомы лёгкага.

У Вільні ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літоўскай рэспублікі адкрыецца выстава «Невядомая БНР».

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА

У Брусэлі пачнецца пасяджэньне Рады міністраў Эўразьвязу. Мае разглядацца пашырэньне санкцый супраць афіцыйнага Менску за працяг палітыкі рэпрэсій. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, санкцыі могуць быць уведзеныя супраць 29 прадпрыемстваў і 12 асобаў.

У Капэнгагене пачнецца Эўрапейскі саміт рэгіёнаў і гарадоў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1793 – сэнат Расейскай імпэрыі выдаў указ пра стварэньне Менскай губэрні.

1991 – у Менску пачаўся II зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

2007 – у Самалі зьбіты самалёт ІЛ–76 беларускай авіякампаніі «Трансавіяэкспарт».

У гэты дзень нарадзіліся:

1865 – Стары Ўлас, Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, паэт, пісьменьнік, зьбіральнік беларускага фальклёру.

1906 – Ісак Любан, беларускі кампазытар, аўтар вядомай песьні «Бывайце здаровы» на словы Адама Русака.

У гэты дзень памерлі:

1662 – Адам Саковiч, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

1942 – Антон Луцкевіч, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, публіцыст, навуковец, выдавец.

1978 – Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, грамадзкі дзяяч, у часы Заходняй Беларусі – сакратар Таварыства беларускай школы.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Сусьветны мэтэаралягічны дзень. Сёлета яго тэмай абраныя «Надвор’е, клімат і вада як рухальная сіла нашай будучыні».

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Кожны народ, асаблiва ж народ абяздолены, у музыцы, у любовi да песьнi бачыць i носiць свае высокiя iдэалы.
Рыгор Шырма
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG