Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску пачалі адзначаць Дзень волі


У Бабруйску адбылася вечарына, прысьвечаная Дню волі. Адзначыць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі на сядзібу гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыйшлі больш за паўсотню чалавек. Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі мясцовыя сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Актывіст партыі, гісторык Станіслаў Кавалеўскі, адзін з арганізатараў вечарыны:

«Бабруйцы не засталіся ўбаку ад утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Бабруйск, як і Магілёў, у 1918 годзе прызнаў уладу БНР.

На Ўсебеларускім зьезьдзе прысутнічаў дэлегат ад Бабруйску Фабіян Шантыр. Ён узначальваў левую фракцыю на зьездзе.

Нельга ўявіць сабе БНР без выбітнага палітычнага, грамадзкага й культурнага дзеяча Аркадзя Смоліча, які нарадзіўся на Бабруйшчыне. Ён быў у першым урадзе Язэпа Варонкі міністрам адукацыі. Трэцяя ўстаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі друкавалася ў Бабруйску. Ёй 25 сакавіка 1918 Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай. Вось гэтыя падзеі і асобаў мы й згадалі сёньня на вечарыне».

Удзельнікі вечарыны паглядзелі дакумэнтальную стужку «Генэрал няскончанай вайны» пра Станіслава Булак-Булаховіча. Для пераможцаў тэматычнай віктарыны прэзэнты падрыхтавалі актывісты «Гавары праўду», якія яе і арганізавалі.

Скончылася імпрэза «салодкім сталом».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG