Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У банкаў грошы ёсьць, але няма куды іх укладаць»


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch у чацьвер пацьвердзіла доўгатэрміновыя нэгатыўныя рэйтынгі сямі буйных беларускіх банкаў. Што гэта азначае для банкаўскай сыстэмы Беларусі? Чаму беларускія банкі радыкальна зьніжаюць стаўкі па дэпазытах у беларускіх рублях? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

— Пра што сьведчыць той факт, што міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch пацьвердзіла нэгатыўны прагноз сямі буйных беларускіх банкаў: «Белгазпрамбанку», «Беларусбанку», «Белінвэстбанку», «Белзьнешэканамбанку», «БПС-банку», «ВТБ Беларусь» і «БТА-банку». З аднаго боку, назіраецца пэўная стабілізацыя на валютным рынку. Чаму, аднак, у банкаўскім сэктары застаюцца нэгатыўныя прагнозы?

— Я думаю, што нэгатыўны прагноз выкліканы тымі вялікімі стратамі ў банкаўскім капітале, што зьвязаныя з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. Гэтыя страты складаюць мільярды даляраў, і яны не адноўлены. Яны трошкі адноўлены ў дзяржаўных банках за кошт бюджэту. Аднак, улічваючы, што сытуацыя да канца не стабілізаваная, інфляцыя працягваецца, рэйтынгавыя агенцтвы ня могуць па-іншаму ацаніць рызыкі беларускіх банкаў.

— Але, здаецца, гэта не азначае, што тым самым беларускія банкі становяцца непрывабнымі для замежных інвэстараў. Раз-пораз мы чуем пра пэўныя дамовы па закупцы тых ці іншых беларускіх банкаў.

— Тыя інвэстары, што ўклалі капіталы ў банкаўскую сыстэму Беларусі, панесьлі страты. Калі ім страты ня важныя, то можна ўкладаць і далей. Яны ўкладаюць, я думаю, бо ёсьць пэрспэктыва стабілізацыі. Беларускі рынак пры нармалізацыі рынкавай сыстэмы можа аказацца даволі прымальным.

— А як вы ставіцеся да таго, што многія беларускія банкі радыкальна зьнізалі працэнты па дэпазытах у беларускіх рублях? Ці ёсьць пагроза таго, што насельніцтва перастане несьці рублі ў беларускія банкі?

— Грошы, якія атрымліваюць банкі, мусяць вяртацца ў крэдыты. Аднак пазычальнікі ня хочуць па такіх высокіх працэнтных стаўках браць крэдыты. Таму ў банках стварылася залішняя ліквіднасьць — грошы ёсьць, але няма куды іх укласьці, няма эфэктыўных праектаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG