Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці пакаранага за тэракт Уладзіслава Кавалёва даслалі зь СІЗА КДБ рэчы расстралянага сына: прадукты, лісты і фотаздымкі. Але не вярнулі запісы, што ён вёў у судзе.

Любоў Кавалёва атрымала паведамленьне, што на пошце яе чакае пасылка: аказалася, што зь СІЗА КДБ даслалі сынавы рэчы:

«Цэлы мех, на 26 кіляграмаў зь нечым! Во як зрабілі: мне самой ня трэба ехаць забіраць, самі даслалі, „добрыя душы“! Гэта жах! Куртка, адзеньне Ўлада — ён жа да таго, як робу далі, у сваёй быў. Прадукты і тыя даслалі. Сухары, сушкі — усю ежу, што была! Туалетную паперу, вітаміны — усё даслалі! Як жа яны сьпяшаліся…»

Былы начальнік Менскага СІЗА Алег Алкаеў у кнізе «Расстрэльная каманда» пісаў, што асуджаным на сьмерць дазваляюць даесьці харчовыя перадачы — толькі потым адбываецца расстрэл… У выпадку з Уладзіславам Кавалёвым такога ня здарылася.

Сястра Тацяна адзначае, што прадуктаў вярнулі шмат. Печыва і сухары ў завадзкой упакоўцы — гэта, відавочна, набываў сам Улад. Бо сваякі яму вазілі прадукты ўжо распакаваныя, у звычайных пакетах. І гэтых пакетаў зь некранутымі сушкамі, печывам, сухарамі — шмат. Гэтаксама вярнулі каву і гарбату, што перадавалі родныя. Верагодна, што зь нейкіх прычынаў зьняволенаму аддавалі ня ўсе прадукты.

Зьніклі і паперы Ўладзіслава Кавалёва. Маці згадвае, што ён рыхтаваўся да кожнага судовага пасяджэньня, і на суд заўжды прыходзіў з жоўтай тэчкай. Там ён трымаў свае занатоўкі па справе тэракту. Гэта ўсё зьнікла, кажа Любоў Кавалёва:

«Калі мы былі на спатканьні, і ў лістах Улад прасіў, каб я гэтую тэчачку захавала. Дык яны яе пустую даслалі! Даслалі толькі капэрты, што ён набываў, паштоўкі… Фотаздымкі вярнулі, але ня ўсе. І нават лісты ня ўсе аддалі, нашы лісты, што мы яму дасылалі, што сябры пісалі, яны не вярнулі…»

Родныя і сябры мяркуюць, што далёка ня ўсе іхныя лісты траплялі за краты да асуджанага на сьмерць. І яны па-ранейшаму ня вераць у вінаватасьць Уладзіслава Кавалёва, а сьмяротную кару лічаць несправядлівай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG