Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюсы і мінусы кантрацэпцыі


Тэма месяца: сэкс

Увесь сакавік на сайце — вынікі апошніх навуковых досьледаў , высновы і парады на тэму «здароўе і сэкс»



Спосабаў пазьбегнуць непажаданай цяжарнасьці і яшчэ больш непажаданай інфэкцыі зараз існуе вялікае мноства, пры гэтым кожны спосаб мае свае плюсы і мінусы.

Бар'ерныя мэтады


Прэзэрватыў

Прэзэрватыў уяўляе сабой тонкую лятэксную абалонку, якая перашкаджае трапляньню спэрмы ў похву.

Плюсы: Гэта адзіны з існуючых мэтадаў кантрацэпцыі, здольны абараніць таксама і ад інфэкцыі. Таксама гэта найбольш даступны від кантрацэпцыі. Спэцыялісты рэкамэндуюць выкарыстоўваць прэзэрватыў як дадатак да іншых мэтадаў кантрацэпцыі, часта такі спосаб засьцярогі называюць «два ў адным».

Эфэктыўны гэты мэтад, паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у 85% выпадкаў.

Мінусы: Выкарыстаньне прэзэрватыва патрабуе пэўнага спрыту, інакш ён можа саскочыць або парвацца падчас або пасьля палавога акту. Зірніце таксама на асноўныя памылкі, якія дапускаюць людзі падчас ужываньня прэзэрватыва.

Ёсьць меркаваньне, што прэзэрватыў далёка ня так надзейна засьцерагае ад інфэкцыяў, як прынята думаць. Падчас палавога акту далёка ня ўвесь палавы орган абаронены прэзэрватывам, што можа прывесьці да перадачы цэлага шэрагу інфэкцыяў ад партнэра да партнэра.

Часта прэзэрватыў становіцца прычынай раздражненьня і сухасьці похвы.

Яшчэ адзін тоўсты мінус гэтага спосабу засьцярогі – зьніжэньне адчувальнасьці. Зрэшты, гэты мінус можа стаць плюсам, калі вы аддаяце перавагу пралангаваным палавым актам.

У любым выпадку, прэзэрватыў быў і застаецца адзіным «мужчынскім» спосабам засьцярогі ад непажаданай цяжарнасьці і інфэкцыяў, калі, вядома, ня браць пад увагу стэрылізацыю і так званы «перарваны» палавы акт.

Апошні, нават пры самым віртуозным выкананьні, не дае нават 50% гарантыі, бо мужчынскі чэлес вылучае спэрму ня толькі ў працэсе эякуляцыі, але і падчас самога акту.

Дыяфрагма (вагінальны каўпачок)

Дыяфрагма – гэта свайго роду вечка для шыйкі маціцы, якая не дае спэрме пракрасьціся ўсярэдзіну. Дыяфрагма зьмяшчае таксама спэрміцыдны гель, які значна павялічвае яе эфэктыўнасьць.

Плюсы: Устаўляюць дыяфрагму за некалькі хвілін да палавога акту. Падабраць і навучыць правільна выкарыстоўваць дыяфрагму можа толькі гінэколяг. У адрозьненьне ад аднаразовага прэзэрватыва, дыяфрагму можна выкарыстоўваць шматкроць. Пры рэгулярным ужываньні яна мае патрэбу ў замене не часьцей чым раз на год. Пасьля кожнага палавога акту яе неабходна вымаць і старанна мыць.

Эфэктыўнасьць гэтага мэтаду – 84% (СААЗ).

Мінусы: Выкарыстаньне дыяфрагмы можа прывесьці да раздражненьня і сухасьці похвы. Ад палавых інфэкцыяў дыяфрагма не зьберажэ. Лятэкс, зь якога зробленая дыяфрагма, можа стаць прычынай алергічнай рэакцыі.

На думку спэцыялістаў, гэты мэтад кантрацэпцыі становіцца ўсё менш папулярным і на зьмену яму неўзабаве прыйдзе значна больш зручны жаночы прэзэрватыў, які пакуль знаходзіцца на стадыі тэставаньня.

Кантрацэптыўны тампон

Ён уяўляе сабой своеасаблівую губку, прасякнутую адмысловым растворам. Губка ўводзіцца ў похву і прадухіляе трапляньне народкаў у маціцу. Пасьля палавога акту тампон павінен заставацца ўсярэдзіне яшчэ 2-3 гадзіны.

Плюсы: Тампон, як і дыяфрагма, спалучае бар'ерны і хімічны спосабы абароны. Карыстацца тампонам пры гэтым значна зручней. Спэцыялісты рэкамэндуюць выкарыстоўваць гэты мэтад, калі плянуецца працяглае і гарачае спатканьне, бо тампон разьлічаны мінімум на 3, а максымум – на 5 аргазмаў і да таго ж захоўвае сваю эфэктыўнасьць на працягу 24 гадзін.

Эфэктыўнасьць гэтага спосабу – 84% (СААЗ).

Мінусы: Тампон можа стаць прычынай раздражненьня, ад інфэкцыі ён таксама не зьберажэ.

Спэцыялісты настойліва не рэкамэндуюць выкарыстоўваць самастойна вырабленыя тампоны, бо гэта можа прывесьці ня толькі да непажаданай цяжарнасьці, але і да хімічнага апёку ўнутраных органаў.

Гарманальная кантрацэпцыя


Супрацьзачаткавае колца

Гэты мэтад кантрацэпцыі ўяўляе сабой мяккае колца, апрацаванае гарманальным прэпаратам. Колца ўводзіцца ў похву і абараняе ад непажаданай цяжарнасьці на працягу месяца.

Плюсы: Гэты мэтад не выклікае ніякага дыскамфорту і не перашкаджае займацца сэксам.

На думку спэцыялістаў, супрацьзачаткавыя колца – адзін з самых сучасных спосабаў кантрацэпцыі. Доза гармонаў тут мінімальная, і гармоны трапляюць у кроў, абыходзячы печань, якая больш за ўсё пакутуе ад ужываньня гарманальных прэпаратаў.

Эфэктыўнасьць супрацьзачаткавага колца – 94% (СААЗ).

Мінусы: Першыя 10 дзён пасьля ўсталёўкі колца неабходна ўжываць дадатковыя мэтады кантрацэпцыі. Ад інфэкцыі колца не зьберажэ. Пастаяннае выкарыстаньне гэтага мэтаду можа парушыць мікрафлёру похвы і выклікаць раздражненьне.

Супрацьзачаткавыя пігулкі

Зь першага разу падабраць патрэбны прэпарат складана нават адмыслоўцу. Тут абавязковы папярэдні аналіз крыві на каагуляцыю, зьмест гармонаў і біяхімію. Першыя 10 дзён пасьля пачатку прыёму прэпарату неабходна ўжываць дадатковыя сродкі кантрацэпцыі. Прымаць пігулку неабходна кожны дзень і сапраўды паводле інструкцыі.

Плюсы: Правільна падабраныя гінэколягам-эндакрынолягам супрацьзачаткавыя пігулкі ня толькі засьцерагуць ад непажаданай цяжарнасьці, але і палепшаць стан скуры, пазногцяў і валасоў. Таксама яны здольныя значна палегчыць ПМС, зрабіць пачатак месячных цалкам прагназаваным і нават, пры неабходнасьці, «адкласьці» месячныя на некалькі месяцаў.

Эфэктыўнасьць гэтага мэтаду – 92% (СААЗ).

Мінусы: Плаціць за такую падвышаную надзейнасьць, цалкам магчыма, прыйдзецца высыпаньнямі на скуры, галаўным болем, млоснасьцю, павелічэньнем вагі, болем у грудзях і падвышанай раздражняльнасьцю.

Калі гэтыя сымптомы не праходзяць, значыць, гэта ня ваш прэпарат і варта, пракансультаваўшыся зь лекарам, абраць іншы.

Калі вы баіцеся патаўсьцець, то выбірайце прэпараты новага пакаленьня, якія зьмяшчаюць гармон драсьпірэнон, які не дазваляе вадкасьці назапашвацца ў арганізьме і ніяк не ўплывае на вагу.

Супрацьзачаткавы плястыр

Супрацьзачаткавы плястыр – дастаткова новы мэтад кантрацэпцыі, і таму ён ня так папулярны, як, да прыкладу, супрацьзачаткавыя пігулкі. Ужываньне плястыру патрабуе папярэдняй кансультацыі зь лекарам і аналізу крыві.

Плюсы: Хоць, на думку спэцыялістаў, плястыр – гэта самы бяскрыўдны і зручны спосаб даставіць гармоны ў кроў, доза гармонаў тут мінімальная, празьмернай нагрузкі на печань няма, а дзейнічае плястыр цэлы тыдзень.

Вядома, і тут ёсьць свае мінусы.

Плястыр нельга мачыць і да канца тыдня ён выглядае вельмі неэстэтычна, да таго ж ляпіць яго прыходзіцца кожны раз на новае месца.

Эфэктыўны плястыр у 92 выпадках з 100 (СААЗ).

Унутрыматачныя сьпіралі

Унутрыматачная сьпіраль эфэктыўная на 99,2%. Устанаўліваецца сьпіраль у паражніну маціцы і тым самым заступае народкам шлях да яйцаклеткі. Для большай надзейнасьці можна выкарыстоўваць сьпіраль з гарманальнай капсулай. Дзейнічае сьпіраль на працягу 3-5 гадоў.

Мінусы: Спэцыялісты настойліва рэкамэндуюць выкарыстоўваць гэты мэтад кантрацэпцыі жанчынам, якія ўжо нараджалі і маюць пастаяннага партнэра, бо сьпіраль робіць жанчыну вельмі ўспрымальнай да палавых інфэкцыяў. Усталёўвае сьпіраль лекар пасьля поўнага мэдычнага абсьледаваньня. Сама працэдура ўсталяваньня ня вельмі прыемная. Дзейнічаць сьпіраль пачынае адразу пасьля ўсталёўкі.

Гэты спосаб кантрацэпцыі можа стаць прычынай хваравітых мэнструацыяў, запаленчых працэсаў або прывесьці да парушэньня цыклю, аж да поўнага спыненьня месячных.

Імплянтат

Імплянтат – гэта капсула з гарманальным прэпаратам, уводзіцца пад скуру пляча. Дзейнічаць імплянтат пачынае праз 24 гадзіны пасьля ўсталёўкі і абараняе ад непажаданай цяжарнасьці на 99,95%.

Мінусы: Гэты мэтад можна з поўным правам назваць ня толькі вельмі рашучым, але і жорсткім.

Імплянтат засьцерагае ад цяжарнасьці на працягу 5 гадоў, магчымасьць зацяжарыць пасьля заканчэньня яго дзеяньня аднаўляецца толькі праз год.

Калі вы захочаце зацяжарыць раней, імплянтат, зразумела, вымуць, але гармоны, якія ўжо паступілі ў кроў, працягнуць дзейнічаць яшчэ даволі доўгі час. Да таго ж, пасьля выманьня капсулы на плячы застанецца рубец.

Дзеяньне імплянтата можа стаць прычынай пастаяннай млоснасьці, павышанага ціску і трамбозу венаў, таксама ён можа прывесьці да раптоўных і даволі моцных крывацёкаў.

Ін'екцыя дэпо-правер

Гэтая нутрацягліцавая гарманальная ін'екцыя спыняе авуляцыю на 3 месяцы. Пры гэтым парушаецца мэнструальны цыкль, які потым даволі доўга аднаўляецца.

Эфэктыўная такая ін'екцыя на 97%.

Мінусы: Гэты мэтад можа стаць прычынай болю галавы, нэрвовасьці і пастаяннай млосьці. Ён зьніжае шчыльнасьць касьцяной тканіны на ўвесь час свайго дзеяньня, што можа прывесьці да сур'ёзных траўмаў.

На думку спэцыялістаў, гэты спосаб даўно састарэў і яго ўжываньне апраўданае выключна ў лекавых мэтах.

Стэрылізацыя

У ходзе сур'ёзнай і хваравітай хірургічнай апэрацыі пацыентцы перавязваюць фалопіевы трубы.

Эфэктыўнасьць гэтай мэтодыкі – 99,5%.

Апэрацыя лічыцца незваротнай і робіцца жанчынам, старэйшым за 35 гадоў, якія маюць двух здаровых дзяцей.

Мінусы: Пабочным эфэктам стэрылізацыі могуць стаць раптоўныя крывацёкі, галаўны боль, таксама магчыма наступленьне пазаматкавай цяжарнасьці.

Наогул жа, любое ўмяшаньне ў арганізм жанчыны, спробы кантраляваць яе мэнструальны цыкль, стрымліваньне натуральнай патрэбы жаночага арганізму ў нараджэньні дзяцей не праходзіць без сур’ёзных наступстваў для здароўя. Таму пасьля доўгага прыёму кантрацэптываў часта бываюць сур’ёзныя праблемы ў рэпрадуктыўнай функцыі арганізму. Такія інтэрвэнцыі ў арганізм жанчыны часам прыводзяць да немагчымасьці зацяжарыць натуральным шляхам, самастойна вынасіць дзіця ці наогул да бясплодзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG