Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ўнутраных спраў адкарэктавала свой тэкст адносна дадзеных аб ужываньні сьмяротнай кары ў Беларусі і колькасьці тых, каму ўдалося пазьбегнуць расстрэлу.

«Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы і мэдыі недакладна патлумачылі інфармацыю, якая была зьмешчаная на афіцыйным сайце МУС у артыкуле «Ужываньне крымінальнага пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары», — сьцвярджаецца на сайце МУС 22 сакавіка. Далей тлумачыцца, што трэба ўлічваць, што права замяняць расстрэл пажыцьцёвым зьняволеньнем закон дае таксама судам больш высокай інстанцыі.

«У мэтах выключэньня падвойнага тлумачэньня абывацелем зьвестак, якія зьмешчаныя на афіцыйным сайце МУС, мэтазгодна зьмяніць фармулёўку «колькасьць асуджаных, якім сьмяротная кара замененая ў парадку памілаваньня пажыцьцёвым зьняволеньнем» на «колькасьць асуджаных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, якім сьмяротная кара замененая пажыцьцёвым зьняволеньнем». На сайце МУС гэтая замена фармулёўкі ўжо адбылася.

Да зьмены фармулёўкі паводле артыкулу вынікала, што з 1998 па 2010 гады ў Беларусі пакаралі сьмерцю 102 чалавека і было 156 тых, каму за гэты час расстрэл замянілі на пажыцьцёвае зьняволеньне ў выніку памілаваньня. Зараз лічбы не зьмяніліся, але прапанавана лічыць, што 156 чалавек — гэта ўсе, каму расстрэл проста замянілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. А якім чынам замянілі, не ўдакладняецца. Паводле закону гэта можа быць як памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам, гэтак і зьмена пакараньня судамі вышэйшай інстанцыі.

«Практычна усе рашэньні аб замене сьмяротных прысудаў пажыцьцёвым зьняволеньнем былі прынятыя судамі», — паведамляе сайт МУС.

Сам Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію тэлеканалу Russia Today сказаў, што толькі адзін раз памілаваў асуджанага на сьмерць. Пра аднаго памілаванага Лукашэнкам сьмяротніка згадваў у сваёй кнізе ўспамінаў «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў, былы начальнік менскага сьледчага ізалятару, дзе прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. Алкаеў кіраваў «Валадаркай» у канцы 1990-х гадоў.
XS
SM
MD
LG