Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго «садзілі на чамаданы» ў часы Шушкевіча


У інтэрвію тэлеканалу «Russia Today» Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў палітыку, якая праводзілася ў Беларусі пры Станіславу Шушкевічу. Паводле Лукашэнкі, «пры Шушкевічу ўсіх рускіх людзей пасадзілі на чамаданы». Лукашэнка таксама сказаў, што калі б ня ён, дык «расейцам у Беларусі ўжо не было б чаго рабіць». Наш карэспандэнт зьвярнуўся да людзей з расейскімі каранямі, якія добра памятаюць падзеі таго часу, і запісаў іх меркаваньні.

Бацька Алега Трусава – з рускіх памораў, нарадзіўся і жыў на мяжы Валагодзкай і Архангельскай губэрняў. Маці, хоць і беларуска, нарадзілася ў Чалябінску. У тыя часы, калі Станіслаў Шушкевіч кіраваў краінай, Трусаў, як і Лукашэнка, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі.

Алег Трусаў расказаў адзін эпізод, які, на ягоную думку, красамоўна паказвае, якая насамрэч нацыянальная сытуацыя была ў Беларусі на той час. 20 гадоў таму, 20 сакавіка 1992 году ў Кіеве падпісалі дамову аб разьдзеле савецкага войска. Ачольваць беларускую дэлегацыю парлямэнт даручыў Алегу Трусаву:

«На тэрыторыі Беларусі тады была велізарная колькасьць вайскоўцаў зь сем'ямі – дзясяткі тысяч людзей. І, канечне, сярод іх рускія пераважалі. Папярэдне Віцебскую дэсантную дывізію павінна была забраць сабе Расея, бо гэта была найлепшая дывізія ў Савецкім Саюзе. І, дарэчы, бальшыня афіцэраў там была з Расеі. Перад адлётам ва Ўкраіну прадстаўнікі дывізіі перадалі мне больш за тысячу подпісаў – і сваіх, і жонак. Яны прасілі пакінуць іх у Беларусі, гатовыя былі прыняць беларускае грамадзянства і тут служыць.

І калі я паказаў гэтыя подпісы, то генэралы Лебедзь і Грачоў сказалі: паколькі Беларусь – адзінае месца, дзе расейцы адчуваюць сябе як дома, няхай віцебская дывізія застаецца ў Віцебску».

Алег Трусаў кажа, што словы Лукашэнкі пра чамаданы для расейцаў не адпавядаюць рэчаіснасьці:

«Хай ён пра чамаданы нікому ня кажа. Чамаданаў не было і быць не магло. Менавіта БНФ настаяў на тым, каб беларускае грамадзянства далі ўсім тым, хто жыў на тэрыторыі Беларусі. Мы не дзялілі, як, скажам, латышы – на грамадзян і неграмадзян. І закон аб грамадзянстве быў падпісаны якраз Шушкевічам».

Уладзімер Раманоўскі нарадзіўся ў ГУЛАГу на Калыме. Бацькі – расейцы: маці – з Уладзіміршчыны, бацька – з-пад Валгаграду. У Менску з 1961 году.

Выказваньні Лукашэнкі пра чамаданы спадар Раманоўскі называе няпраўдай:

«Я жывы сьведка тых часоў. Крайне супраць незалежнасьці, беларускай мовы выступала камуністычная партыя. Асабіста мне пагрозы выказваліся нават з боку ЦК. Там асабліва не падабалася, што я, рускі, вітаю гэтыя працэсы. І мяне папярэджвалі пра магчымае выключэньне з партыі».

Уладзімер Раманоўскі кажа, што пры Шушкевічу не было ніякіх антырасейскіх настрояў:

«Я працаваў у НДІ ЭВМ, дзе былі людзі самых розных нацыянальнасьцяў. І там ніколі не было ніякай напружанасьці на нацыянальнай глебе. І з суседзямі так было. Я на адным месцы жыву ўжо 40 гадоў. І ніколі не ўзьнікала падобных праблем.

Падобныя выказваньні ад Лукашэнкі я чую ўжо, мне здаецца, трэці раз. І мне падаецца, што гэта надуманае глупства, якое мае на мэце якраз справакаваць такія дачыненьні».

Палітоляг Андрэй Суздальцаў, у якога абодва бацькі расейцы, цяпер жыве і працуе ў Маскве. Ён кажа, што яго зь Беларусі, куды ён прыехаў да жонкі і дзе пражыў амаль 15 гадоў, дэпартаваў не Шушкевіч, а Лукашэнка. Суздальцаў згадвае першыя ўражаньні ад Беларусі на пачатку 90-х:

«На расейскі погляд адразу адчувалася, што гэта іншая рэспубліка, нацыянальная рэспубліка. Якраз ішла дыскусія наконт беларускай мовы, і гэта нармальна і аб'ектыўна. І казаць, што Беларусь накрыла хваля русафобіі, – такога, канечне, не было. Ніякіх размоў, кшталту – вось табе чамадан і едзь у Расею, – такога не было. І ніхто ні мясцовых рускіх, ні расіян, якія прыехалі ў Беларусь, на чамадан, натуральна, не саджаў».

Паводле Суздальцава, сапраўдныя антырасейскія кампаніі ў Беларусі пачаліся з канца 90-х, калі пры ўладзе ўжо даўно быў Аляксандар Лукашэнка:

«Тады сытуацыя пачала напружвацца, бо расейцы пачалі адчуваць сябе дыскамфортна. І такую кампанію распальваў сам Лукашэнка. Абурае, калі беларускае тэлебачаньне ў праграмах навін гаворыць пра Расею выключна ў змрочных і зьняважлівых тонах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG