Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку адмовіў гарвыканкам, потым суд


Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

Віцебскі гарвыканкам забараніў праводзіць 25 сакавіка шэсьце і ўрачысты сход да Дня Волі. Абскардзіць адмову ўладаў у судзе таксама не ўдалося.

У лісьце з гарвыканкаму, падпісаным намесьнікам старшыні Ўладзімерам Шломам, было сказана, што віцебскія актывісты просяць дазволу на правядзеньне акцыяў у неналежных месцах. Гэта і стала прычынай адмовы Хрыстафору Жаляпаву, Яну Дзяржаўцаву і Аляксею Гаўруцікаву.

Усе трое падалі скаргу на дзеяньні спадара Шломы ў Кастрычніцкі райсуд, аднак чыноўнік у суд не зьявіўся — замест яго на працэсе выступала юрыст Сьвятлана Рагажынская, а сьведкам была намесьніца начальніка аддзелу ідэалёгіі Віцебскага гарвыканкаму Ірына Пучкова.

Паводле Аляксея Гаўруцікава, гарвыканкам праігнараваў адзін з пунктаў свайго ж рашэньня, а судзьдзя Алена Папкова не прыняла да ўвагі аргумэнтацыю дэмакратычных актывістаў:

«Мы зьвярталіся ў гарвыканкам, бо шэсьце і мітынг павінны былі б адбывацца на тэрыторыі розных раёнаў. Нашым намерам было правядзеньне ня пэўнай акцыі ў канкрэтным месцы, а пераход урачыстым шэсьцем ад культурна-дзелавога цэнтру «Марка-сіці» да плошчы Свабоды. У пункце № 2 рашэньня гарвыканкаму № 881 ад 2009 году якраз і вядзецца «аб іншых масавых мерапрыемствах», месцы правядзеньня якіх «вызначаюцца ў кожным канкрэтным выпадку». Але спадарыня Пучкова заявіла, што «іншыя» мерапрыемствы — гэта ня шэсьце і ня сход, а імпрэзы «спартовыя, культурніцка-відовішчныя і рэлігійныя».

Прадстаўніца гарвыканкаму Сьвятлана Рагажынская заявіла, што шэсьце сотні чалавек можа «перакрыць цэнтральную артэрыю Віцебску», хоць ад «Марка-сіці» да плошчы Свабоды менш як 200 мэтраў. Таксама яна заявіла, што такія скаргі — гэта «проста марнаваньне часу».

У віцебскіх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў іншае меркаваньне: ужо другі год, як ім не дазваляюць ніводнай імпрэзы. Адзіная магчымасьць прадэманстраваць нязгоду з пазыцыяй уладаў — гэта падаць на іх у суд. Таму рашэньне Кастрычніцкага райсуду, які адхіліў скаргу Хрыстафора Жаляпава, Яна Дзяржаўцава і Аляксея Гаўруцікава, яны зьбіраюцца аспрэчваць у абласным судзе.
XS
SM
MD
LG