Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштам гомельскага актывіста зацікавіўся камітэт ААН


Юрась Захаранка
Юрась Захаранка

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду скаргу гомельскага актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Юрася Захаранкі.

Паведамленьне з Жэнэвы пра рэгістрацыю сваёй скаргі ў Камітэце актывіст атрымаў праз пошту 22 сакавіка.

Ва ўплывовай міжнароднай структуры спадар Захаранка аспрэчвае 12-суткавы арышт, якім яго пакаралі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году.

Захаранка: «На выбарах я быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. 19 сьнежня, у дзень асноўнага галасаваньня, выпраўляўся ў Менск. А 6-й гадзіне раніцы ля прыпынку грамадзкага транспарту мяне затрымалі спэцназаўцы й завезьлі ў Савецкі райаддзел міліцыі. Там склалі адміністрацыйны пратакол пра дробнае хуліганства — нібыта я ўпоцемку на пустыннай вуліцы брыдка лаяўся. Мяне прэвэнтыўна пасадзілі ў ізалятар, а на наступны дзень судзьдзя Савецкага раёну Юры Валашыненка адмераў мне ажно 12 сутак арышту».

Пасьля адбыцьця пакараньня Захаранка абскарджваў вырак у абласным, а затым і ў Вярхоўным судзе. Але тыя адхілілі скаргу, спаслаўшыся найперш на прапушчаны тэрмін.

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які дапамагаў Захаранку рыхтаваць скаргу ў камітэт ААН, не ўяўляе, як беларускі ўрад абгрунтуе такое неправамернае абмежаваньне правоў актывіста: «Гэта поўны абсурд — закінуць давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты ў ізалятар на 12 сутак і патрабаваць ад яго абскардзіць адміністрацыйны арышт цягам 5 сутак. Таму Захаранка й просіць камітэт ААН ня толькі прызнаць парушэньне ягоных правоў на доступ да правасудзьдзя, але і накіраваць беларускаму ўраду прапановы дзеля прывядзеньня нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі краіны».

Скарга Захаранкі — 24-я па ліку з Гомельскай вобласьці, якая зарэгістраваная ў камітэце ААН. А ўсяго туды накіравана з рэгіёну звыш паўсотні заяў. У васьмі выпадках Камітэт ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушалі грамадзянскія й палітычныя правы заяўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG