Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць гадоў таму да 25-га сакавіка выпусьцілі мы пачатковы, «нулявы» нумар новай газэты «Пагоня». У шыльдзе быў рыцарскі герб на тле сьцяга. Друкары з фарбай мудравалі, замест бел-чырвона-белага атрымаўся лілёвы ўсярэдзіне. Але пачуцьцё незвычайнасьці праз гэта ня зьнікла.

Потым «Пагоня» была перададзеная рэдакцыі адной расейскамоўнай газэты, якая спыняла сваё існаваньне. Людзей, можна сказаць, працаўладкавалі. Што праўда, настроеныя яны былі дэмакратычна. Аднак ідэі незалежнасьці, дзяржаўнасьці беларускай мовы ў сваіх публікацыях успрымалі, мякка кажучы, скептычна.

Яны выпусьцілі некалькі наступных нумароў «Пагоні» і з задачай ня справіліся. Газэта выглядала на звычайную раёнку. Апошні нумар заканчваўся карыкатурай: стаіць на бальконе сагнуўшыся мужчынка і зьвяртаецца «да гораду і краіны» даволі фамільярна: «А пацалуйце вы мяне ў дупу!» «Пагоня» спынілася.

«Пусты» цяжар


Шыльда існавала, газэты не было. Давялося браць непатрэбны цяжар на сябе. У мяне быў вялікі пакой у абласной газэце, я друкаваўся ў «Нашай Ніве», дапісваў сваю першую кніжку, адчуваў сябе свабодна. А зараз трэба было на пустым месцы, зь нічога зрабіць новую газэту, не падобную да існуючых навокал. Прычым наладзіць рэгулярны выпуск.

Журналістаў у горадзе днём з агнём немагчыма было знайсьці. Шчыра сказаць, для мяне гэта быў вялікі стрэс. Тых, каго давялося браць, вымушаны быў штодня вучыць. І адна справа, калі хтосьці ўсьведамляе свае магчымасьці, свой узровень. Але здараліся выпадкі, калі аддаеш назад пісаніну, каб перарабіў сумбур, а той раптам пачынае «ерапеніцца». Ніколі ў жыцьці дагэтуль не пісаў, лічы, і яшчэ абураецца…

І якое выйсьце? Быць адначасова швяцом, жняцом і дударом. Вельмі часта працаваў, ужо не ў рэдакцыі, дома, машыністкай. Запаўняць нярэдка даводзілася нумары ў значнай ступені самому: процьма псэўданімаў. Гэта быў мой першы досьвед адначасовай працы журналістам і празаікам: я друкаваў навіны, зацемкі, літаратурныя рэпартажы, эсэ, кароткія «газэтныя» апавяданьні, пераклады. Мэтай было атрымліваць задавальненьне ад уласнай працы, насыціць тканіну газэты назіраньнямі за хуткімі зьменамі ў жыцьці, глыбейшымі думкамі, перажываньнямі, развагамі — на мяжы літаратуры.

Гэтыя тэксты сабраныя ў кніжку, досыць цікавы адбітак часу атрымаўся. Але адсутнічае, скажам, усьведамленьне вартасьці, патрэбы. Праўда, адзін гісторык мне сказаў нейк, што лічыць важным тое, як «Пагоня» паўстала, яе зьмест, мае высілкі. Але сытуацыя звыклая: хочаш выдаваць, дамоўся, заплаці з кішэні. Не, колькі ж можна, абыдуся, хай у папцы ляжыць гэты мой кавалак жыцьця і жыцьця маёй краіны часоў Пагоні.

Праўда, ня ўсё ўдалося знайсьці. Падшыўка газэты ў бібліятэцы даўным-даўно была растрыбушаная, чыясьці рука нават рабіла выразкі. Што праўда, частку сваіх тэкстаў з «Пагоні» я зьмясьціў у кнізе «Лісты да гома саветыкуса».

Прахадны двор


Апроч якасьці «штыхоў», вялікай нязручнасьцю было тое, што два пакоі рэдакцыі былі прахаднымі. Ты праводзіш плянёрку, а дзьверы ўвесь час ляскаюць, міма цябе водзяць тудой-сюдой турыстаў, нейкіх незразумелых людзей, штосьці пераносяць. Я жартаваў, што раней там была кансьпіратыўная кватэра: адны дзьверы з вуліцы, другія — у падворку.

Але рабіць газэту «на калідоры» пакута. Я спрабаваў змагацца, замыкаў дзьверы, але з другога боку, здаралася, білі абцасам — «Пусьціце пасцаць!» Была адна наглая бабёнка ў суседнім пакоі. Прыбіральня была з двух бакоў, але праз рэдакцыю — бліжэй.

Нават вычытваць тэксты, пісаць тым больш, было немагчыма. Часам я стараўся прыехаць раней, калі яшчэ нікога не было, каб не пісаць толькі дома па начах. За вакном стаяў на пастамэнце маршал, і я ў думках жартам зьвяртаўся да яго: што параіш? Ён цікавіўся: а што табе гэта дае, што ты маеш? Ды нічога. У абед магу сабе дазволіць у «кнайпе» каву з булачкай. На голым энтузіязьме працуеш, зразумела, падсумоўваў маршал.

На рэдактарскія «адпачынковыя» я змог сабе набыць макасіны каапэратыўнага вырабу і паехаў са сваім катом на лецішча. Купаўся ў рацэ, напісаць нічога асабліва не атрымалася. Нічога дзіўнага: пасьля цэлага году з «Пагоняй» на карку. Тым больш тады кавы нават не было, я мог сабе дазволіць толькі збажовую польскую «Інку» растваральную. Сядзеш пісаць, разгорнеш сшытак, вып’еш кубак марнага напою, у галаве тлум, ніякай іскры.

Колькі разоў потым трапляліся на вочы ў розных эўрапейскіх гарадах шыкоўна вырабленыя макасіны, нават са зьніжкай, ніколі рука не пацягнулася, каб купіць. Каву збажовую з таго самага часу не люблю таксама, цэлы слоік выпіў. Хаця нейкія запісы зь лецішча захаваліся, выкарыстаю ў «рамане» пра той час, калі рукі дойдуць.

Пырскі «савецкага»


Што праўда, быў адзін пісучы паэт, правак не вымагаў. Нават некалькі разоў прыходзіў уладкоўвацца ў рэдакцыю, звычайна пад шафэ. Да слова: чалавек ён быў яршысты і без пачуцьця гумару, як неўзабаве высьветлілася.

Напісаў аднойчы завостраны, спрэчны, але цікавы тэкст зь беларуска-польскага памежжа. У адказ мы атрымалі ліст на блянку Саюзу палякаў. На ім было пазначана: старшыні КДБ, генэральнаму пракурору, копія — у рэдакцыю «Пагоні». Адзін з тагачасных актывістаў СПБ быў абураны аўтарам-паэтам, пры канцы ліста даўшы яму настойлівую рэкамэндацыю: калі бярэсься пісаць пра Саюз палякаў, то — па пунктах — ня пі: гарэлкі, піва, савецкага шампанскага і гэтак далей.

Мы ліст надрукавалі. Дзяяч польскага руху выказаў з гэтай нагоды задавальненьне. Дагэтуль памятаю: публікацыя атрымалася «прыкольнай». Але ня ведалі — дзе саломкі падкласьці. Паэта надзвычайна абурылі ў газэце рэкамэндацыі з чытацкага ліста, што датычылі моцных напояў! Ён абвесьціў халодную вайну «Пагоні»: ні нагой, ні рукой… Можна было нарэшце ўздыхнуць свабадней.
XS
SM
MD
LG