Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя на «Граніце»: суды і звальненьні


Алег Стахаевіч
Алег Стахаевіч

На прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах працягваюцца звальненьні сябраў незалежнага прафсаюзу. 27 сакавіка кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч будзе абскарджваць сваё звальненьне ў Лунінецкім раённым судзе.

Алег Стахаевіч — супазоўнік па гэтай справе, бо пазоў у суд быў накіраваны Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў. Юрыст Кангрэсу Алена Яськова кажа, што на карысьць Стахаевіча ёсьць важкія аргумэнты:

«Парушана працэдура звальненьня, бо ў дадзеным выпадку, калі ў наймальніка ёсьць вакансія, якая патрабуе перанавучаньня, і працаўнік напісаў заяву на перанавучаньне, то перанавучаньне — ня права, а абавязак наймальніка. І яны павінны былі яго перавесьці зь перанавучаньнем. Гэта раз. Другое з такіх парушэньняў — што ня было паведамлена прафсаюзу за два тыдні».

Спадарыня Яськова мяркуе, што звальненьне Алега Стахаевіча — гэта дыскрымінацыя паводле прыналежнасьці да прафсаюзу:

«Зразумела, што гэта зроблена было тэндэнцыйна, тым больш, што ніякіх дысцыплінарных спагнаньняў у Алега ніколі не было, ён выступаў як спартовец і абараняў гэты „Граніт“, ёсьць публікацыі ў газэтах як пра аднаго зь лепшых працаўнікоў. То бок — расхвальваў „Граніт“. А тут, як ён трапіў у гэтую сытуацыю і рэалізаваў сваё законнае права, як і іншыя рабочыя, на стварэньне прафсаюзу... Значыць, зразумела, што гэта дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыкметы».

Акрамя Алега Стахаевіча, на прадпрыемстве ўжо звольнілі Людмілу Літвінку. Мікалаю Карышаву паведамілі, што не працягнуць кантракт з траўня. За прагул звольнілі Генадзя Паўлоўскага. Цяпер кіроўца самазвалу з 24-гадовым стажам Генадзь Паўлоўскі рыхтуецца судзіцца з «Гранітам»:

Генадзь Паўлоўскі
Генадзь Паўлоўскі
«Так, я буду зьвяртацца ў суд, бо гэтыя пытаньні так пакідаць няма чаго і непатрэбна. Бо потым мой выпадак і лішні зварот у суд будзе ім такім невялікім тормазам».

Алег Стахаевіч кажа, што цяпер на прадпрыемстве фабрыкуецца справа і супраць сакратара незалежнага прафсаюзу Анатоля Літвінкі:

«Фабрыкуюць супраць яго справу, нягледзячы на тое, што ўжо звольнілі яго жонку. А ў яго ж двое малых дзетак — 8 і 3 гады...»

Спадар Стахаевіч кажа, што незалежныя прафсаюзы прыкладуць усе намаганьні, каб абараніць сваіх сябраў.

Канфлікт на «Граніце» разгарэўся, калі ў канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж на сябраў незалежнага прафсаюзу пачаўся ціск з боку адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG