Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тулускі стралок» забіты


Францускі спэцназ рыхтуецца да штурму кватэры, дзе хаваўся Мера

Францускі спэцназ рыхтуецца да штурму кватэры, дзе хаваўся Мера

Мухамэд Мера, які падазраецца ў сямі забойствах, учыненых на паўднёвым захадзе Францыі ў сярэдзіне сакавіка, забіты сёньня ў часе штурму кватэры ў Тулузе, дзе ён быў блякаваны паліцыянтамі.

Паводле міністра ўнутраных спраў Францыі Клёда Геанама, Мера вёў агонь па байцам спэцназу і скочыў у вакно, калі яны ўзялі яго ў аблогу. Па папярэдніх дадзеных, падчас штурму былі параненыя трое супрацоўнікаў сілаў бясьпекі, адзін зь іх — цяжка. Раней улады заяўлялі, што хочуць узяць падазраванага жывым.

23-гадовы Мухамэд Мера — грамадзянін Францыі альжырскага паходжаньня. Ён бываў у Аўганістане і Пакістане, дзе праходзіў падрыхтоўку ў лягерах баевікоў.

Мера падазраваўся ў забойстве трох францускіх вайскоўцаў, трох вучняў габрэйскай школы і рабіна. Усе забойствы былі ўчыненыя ў Тулузе і горадзе Монтабан ў сярэдзіне сакавіка. Міністар Геанам раней паведаміў, што падчас перамоў з паліцыяй, якія вяліся па рацыі, Мера прызнаўся ў зробленым. Спачатку ён казаў, што мае намер здацца, аднак потым заявіў, што перадумаў.

Забітыя вайскоўцы днямі былі пахаваныя ў Монтабане. Пахаваньне школьнікаў і рабіна прайшло ўчора ў Ізраілі.
XS
SM
MD
LG