Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла журналіста за супрацу зь Белсатам


Менскі журналіст Зьміцер Краўчук атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ад менскай пракуратуры за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

Як паведамляе «Белсат», у пракуратуру тэлеапэратара выклікалі па тэлефоне. Пракурор Міхаіл Хортаў уручыў яму пісьмовае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацоўніцтва з замежнымі мэдыямі без акрэдытацыі.

«Паводле наяўнай інфармацыі і паводле дакумэнтаў, 24.01.2012 Вы, знаходзячыся каля будынку Менскага гарадзкога суду, ажыцьцяўлялі відэазапіс ды апытваньне грамадзянаў, што прысутнічалі на судовым паседжаньні па разглядзе касацыйнай скаргі Бяляцкага А. – гаворыцца ў дакумэнце. – Факт Вашай супрацы з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку з польскім тэлеканалам «Белсат», пацьвярджаецца таксама выпускам тэлесюжэту ў эфіры вячэрняй інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў» тэлеканалу «Белсат».

Афіцыйнае папярэджаньне вынес намеснік пракурора Менску К. Кежун.

Акрамя Зьмітра Краўчука ў пракуратуру выклікалі іншую журналістку – Вольгу Чайчыц, аднак тая адмовілася ісьці і запатрабавала афіцыйную позву.
XS
SM
MD
LG