Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна сядзець на штыхах?


Мой блог «Маўклівая большасьць» спарадзіў даволі зацікаўленую і палкую дыскусію. Сказаць па шчырасьці, аргумэнты маіх шаноўных апанэнтаў мяне неяк не пераканалі.

Віктар Марціновіч у сваім блогу прыводзіў словы знакамітага францускага філёзафа-постмадэрніста Жана Бадрыяра, паводле якога «маса не валодае ні атрыбутам, ні прэдыкатам, ні якасьцю, ні рэфэрэнцыяй”. Каб працягнуць пінг-понг думкамі клясыкаў, дазволю сабе вялікую цытату з кнігі «Сацыяльная і культурная мабільнасьць» аднаго з «бацькоў» амэрыканскай сацыялёгіі Піцірыма Сарокіна:

«Наіўна меркаваць, што так званы абсалютны дэспат можа сабе дазволіць усё, што яму прыйдзе ў галаву, незалежна ад жаданьняў і ціску яго падначаленых. Верыць, што існуе такое "ўсеўладзьдзе" дэспатаў і іх абсалютная свабода ад грамадзкага ціску - нонсэнс. Гербэрт Спэнсэр ў свой час паказаў, што ў большасьці дэспатычных грамадзтваў "палітычная ўлада - гэта пачуцьцё супольнасьці, якое дзейнічае праз пасярэдніка, які фармальна або нефармальна усталяваны ... Як паказвае практыка, індывідуальная воля дэспатаў па сутнасьці фактар малазначны, яго аўтарытэт прапарцыйны ступені выражэньня волі астатніх. А сам дэспат, хоць і намінальна ўсемагутны, у рэчаіснасьці менш вольны, чым яго падначаленыя".

Прыгадаем і Рэнана, які тлумачыў, што кожны дзень існаваньня любога сацыяльнага парадку ў рэчаіснасьці ўяўляе сабой пастаянны плебісцыт чальцоў грамадзтва, і калі грамадзтва працягвае існаваць, то гэта значыць, што больш моцная частка грамадзтва адказвае на пастаўленае пытаньне маўклівым "так".

Як бачым, іншыя клясыкі меркавалі, што маса, якой гэтак грэбуюць Бадрыяр разам з Марціновічам, сёе-тое ўсё ж вызначае, а дакладней, вызначае ўсё. Пры гэтым варта дадаць, што П. Сарокін, калі жыў у Савецкай Расеі, на сваёй скуры зазнаў камуністычную дэспатыю, так што пра дэспатаў і прыроду іх улады разважаў не зусім абстрактна. Ну і яшчэ да месца лапідарнае выслоўе француза, які разумеў у пытаньнях заваяваньня і захаваньня ўлады больш, чым усе ўдзельнікі дыскусіі разам узятыя – Напалеона Банапарта: «Штыхамі можна зрабіць усё, што заўгодна, на іх толькі нельга сядзець».

Можна, зразумела, сказаць, што пляваць на ўсіх сарокіных, спэнсэраў і рэнанаў разам з францускім імпэратарам - усё роўна мы ведаем, што Лукашэнку (ну і Пуціна) ніхто не падтрымлівае (мы ж гэта дакладна ведаем), а ўся справа ў запалохваньні і прапагандзе. Але рацыянальных аргумэнтаў, каб гэта даказаць, неяк бракуе.

Вось Віктар Марціновіч лічыць такім аргумэнтам тое, што Лукашэнка ня здолеў і ня здолее арганізаваць нават тое, што атрымалася ў Пуціна – маштабную контрадэманстрацыю сваіх прыхільнікаў. З гэтага ў шаноўнага апанэнта вынікае, што рэжым дажывае апошнія дні.

Але прыгадваецца, як ў ЗША пасьля пачатку вайны ў Іраку на вуліцы выйшлі сотні тысяч удзельнікаў антываенных дэманстрацый. А хто насуперак? Ды ніхто, не было дэманстрацыяй з лёзунгам «Даеш Багдад», стаяла паліцыя, ахоўвала дэманстрацыі, але у выпадку чаго была гатовая і супрацьстаяць ім, калі б яны перайшлі мяжу. Ці вось прыклад Францыі, якую летась страсалі маніфэстацыі, страйкі, блякады супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту. І хто ім ізноў жа супрацьстаяў – хіба контранатоўп пад лёзунгам «Дзякуй Сарказі за шчасьлівую старасьць»? Ды не, тая ж паліцыя. Ну гэта дэмакратыі. Але хто у 1989 годзе супрацьстаяў маніфэстантам на пэкінскай плошчы Цяньаньмынь? Хіба народныя масы? Не – людзі ў форме і ў пагонах. Ну і сюды ж дадамо Менск 19 сьнежня 2010 году – сем з паловай хвілінаў, якія сталі важкім аргумэнтам у спрэчцы наконт здольнасьці рашучай меншасьці тварыць гісторыю.

І з улікам гэтай сусьветнай і адвечнай практыкі дзіўна, што ні спадар Бадрыяр, ні калега Марціновіч ва ўпор ня бачаць таго самога рэпрэзэнтанта «маўклівай большасьці». Дык гэта ён і ёсьць – у форме і з дубінкай. І менавіта тая самая большасьць, якая нябачна стаіць за яго сьпіной, надае яму сілу і ўпэўненасьць у праваце сваёй справы.

Адзін мой калега распавядаў, як падчас Плошчы-2006 яе ўдзельнікі скандзіравалі лёзунг «Міліцыя з народам!», на што адзін міліцыянт, які стаяў у ачапленьні, прабурчэў: «Так, з народам. А ня з вамі». Вось у гэтым уяўленьні – моц міліцэйскага кулака і рукі з дубінкай, а ня ў іх саміх па сабе.

А контранатоўп – гэта на самой справе экзотыка, другасная справа. Не ад здольнасьці яго сабраць залежыць моц улады.
Пра тое, што людзі ў форме і з дубінкамі моцныя насамрэч не дубінкамі, сьведчаць як раз тыя выпадкі, калі калі яны раптам аказваюцца бясьсільнымі. Чаму тыя, хто яшчэ ўчора, ці год таму, ці пяць таму махалі дубінкамі з вялікім імпэтам і адданасьцю, раптам пачынаюць рабіць гэта надзвычай млява, а тое і зусім не рабіць, а тое і наагул пераходзіць на бок натоўпу – фактычна, здраджваючы свайму службоваму доўгу і літары прысягі? Ну можа раптам добрымі сталі :-), ці плаціць сталі мала, ці апазыцыя здолела дамовіцца з паліцэйскімі генэраламі, а мо напор натоўпу быў такі, што ня надта дубінкай памахаеш. Усяго, відаць, патроху, але падаецца, што бліжэй за ўсё да ісьціны – апошні чыньнік, які, разам з млявасьцю абаронцаў рэжыму, мае насамрэч адзіны корань – зьмена грамадзкіх настрояў, адыход «маўклівай большасьці» ад улады, зьмена прапорцыі сілаў тых, хто нябачна стаіць за сьпіной дэманстрантаў (ці паўстанцаў) і людзей у форме, якія ім супрацьстаяць.

Людзі ў форме і ў пагонах - гэта ж не іншаплянэтнікі, гэта ўсё ж частка грамадзтва, настроі якой мяняюцца ўсьлед за настроямі грамадзтва. Нават замежныя акупанты заўсёды імкнуцца атрымаць хоць нейкую падтрымку з боку мясцовага насельніцтва. А тут усё ж свае, тутэйшыя.

Калі «маўклівая большасьць» захоўвае ляяльнасьць уладзе, тады міліцыя (паліцыя, спэцназ, словам людзі ў пагонах) атрымлівае перавагу на пратэстоўцамі – і гэта Менск 2010, Масква сакавіку 2012 і мноства іншых прыкладаў. Калі прапорцыя адваротная – мы бачым кіеўскі Майдан 2004 году, каірскую плошчу Тахрыр 2011 году і таксама нямала падобных выпадкаў. У пэўным сэнсе зыход супрацьстаяньня на плошчы - не на плошчы вырашаецца. І формула Напалеона працуе: не штыхі самі самі па сабе вырашаюць у сытуацыі, умоўна кажучы, менскай Плошчы-2010 і яны не ўратоўваюць у сытуацыі плошчы Тахрыр.

Яшчэ некалькі словаў пра сацыялёгію. Сёе-тое я ўжо сказаў у дыскусіі – ня буду паўтарацца. Зразумела, вынікі апытаньняў – ня ісьціна ў апошняй інстанцыі, але ў шэрагу выпадкаў сацыёлягі прадказалі электаральную паразу аўтарытарных уладароў абсалютна дакладна. Гэтак было, напрыклад, у Сэрбіі ў 2000 годзе, калі за некалькі месяцаў да выбараў незалежная сацыялёгія паказвала, што ўпершыню ў посткамуністычнай гісторыі краіны апазыцыянэр Ваіслаў Каштуніца перамагае нязьменнага кіраўніка Слабадана Мілошавіча. Гэтак жа было і ва Ўкраіне у 2004 годзе, калі ізноў жа незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні паказвалі перавагу ці прыкладную роўнасьць рэйтынгаў апазыцыянэра Віктара Юшчанкі і ўладнага кандыдата Віктара Януковіча.

Можна, зразумела, сказаць, што гэта ў Беларусі сапраўдная дыктатура, а ў Югаславіі Мілошавіча і ва Ўкраіне Кучмы быў насамрэч росквіт дэмакратыі з невялічкімі абмежаваньнямі. Ну, скінутая ўлада заўсёды з вышыні новага часу здаецца слабой і асуджанай на паразу. Але прыгадваю расповед калегі, як у Харкаве ў 2004 годзе, напярэдадні Майдану, лідэры мясцовых дэмакратаў часова вывозілі сваіх дзяцей з краіны – у Расею ці на Захад. Бо не выключалі паразы, рэпрэсій, арыштаў, таго, што арыштаваных бацькоў будуць шантажаваць лёсам дзяцей. Дзякаваць Богу, не спатрэбілася, але наўрад ці людзі рабілі б гэтак, калі б сапраўды рэжым быў такім вэгетарыянскім, як гэта здаецца некаму зараз і звонку. Але сацыялёгія і тады паказвала перамогу Юшчанкі. А калі не паказвала перамогу апазыцыі ва Ўкраіне, дык нічога там і не было. Брыдкая навука.

Зразумела, тут той выпадак, калі даказаць тэзу ці антытэзу, як тэарэму Піфагора, немагчыма ў прынцыпе. Але мне знаецца, што істотна розьніцца плён выбару таго ці іншага погляду. Калі лічыць, што ўлада трымаецца не адно на штыхах і не пераважна на іх, то тыя, хто хочуць пераменаў, будуць думаць, як пазбавіць уладу гэтай падтрымкі, будуць імкнуцца зразумець, якія патрэбы гэтая ўлада задавальняе і якім інтарэсам адпавядае, імкнуцца спасьцігнуць праўду гэтай улады і яе прыхільнікаў, каб перасягнуць яе. Ну а калі лічыць, што увесь народ супраць дыктатара, толькі ўсе баяцца, што ўся справа ў АМАПе і ў БТ (ну і яшчэ ў клятых маскалях – але гэта на аматараў, вольная праграма), то, зразумела, асабліва інтэлектуальна напружвацца не выпадае. Можна нават на кружэлку ці на «лічбу» запісаць, каб арганізм не стамляць, і круціць гэтыя мантры кожны раз пры нагодзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG