Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька і Гразнова наведалі маці Юрыя Захаранкі


Ульяна Захаранка

Ульяна Захаранка

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўніца «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова наведалі маці Юрыя Захаранкі Ўльяну Рыгораўну, якая жыве ў Васілевічах.

Як распавёў Лябедзька сайту ucpb.org, «мы прыехалі падтрымаць яе, дапамагчы, чым можам, і бачым, што для яе гэта важна».

«У нас была вельмі цёплая, сардэчная сустрэча, нягледзячы на тое, што маці Юрася апошнім часам шмат хварэе. Тым ня менш трымаецца бадзёра, расказвае пра сваё жыцьцё, успамінае Юрася».

Ульяна Захаранка сказала:

«Заўсёды ў вачах мой Юра, і па сёньняшні дзень чакаю, што рыпнуць масьніцы, адчыняцца дзьверы, і ён увойдзе ў хату».

7 траўня 1999 году па дарозе дадому Юры Захаранка быў гвалтоўна выкрадзены, і з той пары лёс яго невядомы.

Генэральная пракуратура Беларусі пэрыядычна дэкляруе, што сьледзтва па справе зьнікненьня Захаранкі працягваецца, мяняюцца сьледчыя, якія вядуць справу, але вынікаў няма.

Генэрал Захаранка быў першым у чарадзе палітычных зьнікненьняў — яго выкралі ўвесну 1999 году. Праз 4 месяцы, 16 верасьня 1999 году, пры такіх жа загадкавых абставінах зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, яшчэ праз год, 7 ліпеня 2000 году, зьнік тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі.

Паводле словаў палітычнага эмігранта й былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, Юры Захаранка быў выкрадзены, а пасьля гэтага расстраляны на загады людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Сям'я Юр'я Захаранкі — жонка, дзьве дачкі і ўнукі — жывуць у Нямеччыне, дзе атрымалі палітычны прытулак.
XS
SM
MD
LG