Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Kristeligt Dagblad: «Эўрапейскі ціск слаба ўзьдзейнічае на рэжым»


Артыкул пра гэта зьмясьціла дацкае выданьне Kristeligt Dagblad у сувязі з маючымі адбыцца сёньня ў Брусэлі дыскусіямі кіраўнікоў МЗС ЭЗ па беларускім пытаньні пад старшынствам дацкага міністра Вілі Сёўндаля.

Галоўная тэма гутаркі — на што можна разьлічваць, калі ўвесьці супраць Беларусі больш жорсткія санкцыі, чым дагэтуль?

Беларусь, паводле выданьня, шмат гадоў застаецца «хворым дзіцём Эўропы». З часу, калі ЭЗ упершыню ўвёў санкцыі супраць Менску, сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў толькі расьце. Цяпер у ім 227 імёнаў. Аднак да дэмакратызацыі ў Беларусі гэтыя захады не прывялі. Сумнеўнымі расстрэламі ў апошнія дні рэжым яшчэ больш пагоршыў сваю рэпутацыю.

Сьмяротны вырак у дачыненьні да двух маладых беларусаў быў выкананы насуперак шматлікім настойлівым рэкамэндацыям ЭЗ увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

У адказ на ігнараваньне эўрапейскіх рэкамэндацыяў падрыхтаваны яшчэ шырэйшы «чорны сьпіс», куды ўвайшлі ня толькі чыноўнікі, але і спонсары рэжыму — бізнэсоўцы.

Прафэсар аднаго зь вядучых дацкіх унівэрсытэтаў — University of Southern Denmark — Сёрэн Рысхой, які спэцыялізуецца па Ўсходняй Эўропе, кажа:

«Ясна, што апошнія сьмяротныя прысуды ў Менску, іншыя парушэньні правоў
міністрам вядома, што чарговыя, хай сабе і больш жорсткія, чым раней, санкцыі будуць мець абмежаваны ўплыў ...

чалавека патрабуюць рэакцыі. Аднак міністры будуць выкарыстоўваць толькі тыя рэсурсы, якія маюць. Відавочна, міністрам вядома, што чарговыя, хай сабе і больш жорсткія, чым раней, санкцыі будуць мець абмежаваны ўплыў. Але наўрад ці ЭЗ можа прапанаваць больш эфэктыўную альтэрнатыву».

На думку экспэрта, пазытыўныя зрухі могуць адбыцца толькі зь цягам часу, калі ЭЗ зможа рэальна спадзявацца на падтрымку грамадзянскай супольнасьці як на інструмэнт, з дапамогай якога можна ўплываць на сытуацыю звонку.

Цяпер жа, лічыць дацкі палітоляг, для ўсіх відавочная наступная праблема: падтрымка рэжыму з боку Крамля. Гэты фактар мінімізуе эфэкт эўрапейскіх санкцыяў. І чым больш жорсткія яны будуць, тым большым зробіцца ўплыў Расеі на Беларусь.

«Улічваючы трывала кепскія стасункі паміж Менскам і ЭЗ, пытаньне пра эфэктыўнасьць санкцыяў — вельмі слушнае», — лічыць іншы дацкі экспэрт, Ёнатан Нільсэн, які жыў і вучыўся ў Беларусі. Цяпер ён палітычны кансультант дацкага «Лібэральнага альянсу».

Паводле Ёнатана Нільсэна, ад сярэдзіны 1990-х стасункі паміж Менскам і ЭЗ характарызуюцца то супрацоўніцтвам, то канфрантацыяй. Выпадкі, калі жорсткасьць эўрапейцаў давала нейкі пазытыўны плён, былі толькі на самым пачатку праўленьня Лукашэнкі. «Далей усе патрабаваньні і захады ЭЗ абарочваліся толькі закручваньнем гаек у Беларусі». Што да эканамічнай сытуацыі, то ў цяжкіх выпадках рэжым «заўсёды знаходзіць падтрымку ў Расеі».

«Відавочна, што Расея зь яе алігархамі разьлічвае ўзамен на нешта вельмі сур’ёзнае. Яны ўкладаюць у Беларусь вялікія грошы. У той час як ЭЗ выстаўляе Менску палітычныя патрабаваньні, Масква дэманструе зацікаўленасьць у эканамічным супрацоўніцтве», — мяркуе Ёнатан Нільсэн.

Як піша «Kristeligt Dagblad», няўдалы досьвед з санкцыямі ў спалучэньні з вопытам арабскай вясны паказаў, што на разьвіцьцё сытуацыі могуць уплываць і іншыя фактары.

Паводле прафэсара Сёрэна Рысхоя, «існуюць вельмі цікавыя адыходы ад традыцыйных сродкаў у зьнешняй палітыцы. Гэта новыя сацыяльныя інтэрнэт-сеткі, як Твітэр і Facebook, якія выглядаюць больш эфэктыўнымі ў пытаньні правядзеньня зьменаў. Ці ня лепш падтрымліваць падобныя падыходы, не абсякаючы кантактаў?»
XS
SM
MD
LG