Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўская Хэльсынская група патрабуе ад Лукашэнкі мараторыю на сьмяротную кару


Старшыня МХК Людміла Аляксеева
Старшыня МХК Людміла Аляксеева
Аўтары заявы адзначаюць: прывёўшы ў выкананьне сьмяротныя прысуды ў дачыненьні да Дзьмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных па справе аб выбуху ў менскім мэтро, улады Беларусі «праігнаравалі заклікі міжнародных праваабарончых арганізацый і палітыкаў Эўразьвязу», дэманструючы такім чынам «непрыняцьце агульнапрызнаных прынцыпаў гуманізму і грэбаваньне міжнародным правам».

«Мы лічым абсалютна недапушчальным выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня, — падкрэсьліваюць праваабаронцы. — Такі від пакараньня зьяўляецца незваротным, жорсткім, бесчалавечным і прыніжае годнасьць асобы. Пакараньне сьмерцю двух беларускіх грамадзян стала яшчэ адным своеасаблівым сымбалем сярэднявечнага дэспатызму дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, пры якім суд і судовыя працэдуры не зьяўляюцца незалежнымі і толькі прыкрываюць бяспраўныя акцыі дыктатуры, якая пастаянна ўшчамляе фундамэнтальныя правы чалавека і якая ў мінулым якая стала прычынай палітычна матываванага, незаконнага і так і не расьсьледаванага зьнікненьня шэрагу палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ».

Аўтары заявы нагадваюць, што эўрапейскія палітыкі і парлямэнтары, Савет Эўропы, шэраг уплывовых міжнародных арганізацый, у тым ліку Amnesty International і Human Rights House, ня толькі асудзілі пакараньне Канавалава і Кавалёва, але і паказалі на «шэраг аргумэнтаваных сьведчаньняў парушэньня справядлівасьці судовага працэсу».

«Прысуд прыведзены ў выкананьне да разгляду скаргі ў Камітэце ААН па правах чалавека і нагляднай скаргі. Беларускія ўлады не далі асуджаным магчымасьці скарыстацца ў поўнай меры канстытуцыйнымі правамі і прадэманстравалі грэбаваньне ўнутранымі законамі і міжнароднымі дамовамі», — канстатуюць прадстаўнікі МХГ.

Яны заклікаюць беларускія ўлады «праявіць чалавечую годнасьць і вярнуць цела пакараных іх сем’ям», а таксама патрабуюць ад Аляксандра Лукашэнкі неадкладна ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне.

МХГ таксама заклікае Эўразьвяз «распачаць дадатковыя актыўныя крокі з мэтай прымусіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі паважаць правы чалавека і фундамэнтальныя прынцыпы дэмакратыі».

Пад заявай падпісаліся прадстаўнікі 35 арганізацый з Расіі, Беларусі, Швайцарыі, Вялікабрытаніі, Нідэрляндаў, Швэцыі, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі, Украіны, Ірляндыі, Францыі і Літвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG