Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі пачынаецца пасяджэньне Рады ЭЗ па замежных справах


Пытаньні адзінай палітыкі абароны і бясьпекі і актуальная міжнародная праблематыка будуць абмеркаваны на двухдзённым пасяджэньні Рады ЭЗ па замежных справах, якое адкрыецца 22 сакавіка.

Пачнецца яно з абаронных праблем. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан правядзе пасяджэньне кіруючага камітэта Эўрапейскага агенцтва па абароне.

Затым пачнецца пасяджэньне Рады ЭЗ у фармаце міністраў абароны. Яно будзе прысьвечана вайсковым апэрацыям з удзелам ЭЗ і вайсковаму партнэрству. Потым нарада пяройдзе ў фармат міністраў замежных спраў. Кіраўнікі МЗС краін ЭЗ сустрэнуцца са сваімі калегамі зь дзяржаў-кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ, абмяркуюць сытуацыю ў Аўганістане і Пакістане, рэакцыю Эўразьвязу на «арабскую вясну», перадае Інтэрфакс.

23 сакавіка на пачатку другога дня пасяджэньня Эштан сустрэнецца з кіраўніком МЗС Турэччыны Ахмэтам Давітоглу ў рамках палітычнага дыялёгу ЭЗ-Турэччына на міністэрскім узроўні.

Затым Рада ЭЗ працягне працу з абмеркаваньня сытуацыі ў рэгіёне Сахеле (краіны Афрыкі паўднёвей Сахары).

Далей кіраўнікі МЗС разгледзяць сытуацыю ў Беларусі. Будзе прынятая пастанова, а таксама чакаецца зацьвярджэньне новых абмежавальных мер ЭЗ супраць афіцыйнага Менску. Пасьля мінулай Рады ЭЗ 27 лютага Эштан абвясьціла аб далейшым пашырэньні эўрапейскіх санкцый супраць Менску. Яны павінны закрануць бізнэсоўцаў і прадпрыемствы, якія зьвязаны зь беларускім рэжымам.

Міністры замежных спраў ЭЗ абмяркуюць сытуацыю ў Сырыі, у прыватнасьці, доступ гуманітарнай дапамогі ў краіну, дыпляматычныя намаганьні па прыняцьці рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, стасункі з сырыйскай апазыцыяй і дыпляматычную прысутнасьць Эўразьвязу ў Дамаску. Чакаецца чарговае ўзмацненьне абмежавальных мер супраць рэжыму Башара Асада.

Без дэбатаў Рада міністраў ЭЗ па замежных справах падоўжыць тэрмінам на адзін год прымяненьне абмежавальных мер супраць Ірану, прынятых у зьвязку з парушэньнямі правоў чалавека ў гэтай краіне, а таксама дапоўніць іх новымі санкцыямі.
XS
SM
MD
LG