Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі: Вызваленьне палітвязьняў альбо санкцыі


Радаслаў Сікорскі
Радаслаў Сікорскі

Эўразьвяз будзе вымушаны пашырыць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, калі палітзьняволеныя ў краіне ня будуць вызваленыя.

Такую заяву зрабіў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне 21 сакавіка.

«Мы спадзяемся, што палітычныя зьняволеныя будуць вызваленыя. Калі не, ЭЗ будзе вымушаны ўвесьці чарговыя санкцыі», — цытуе кіраўніка МЗС Польскае агенцтва друку.

Сікорскі ўдзельнічаў у Бэрліне ў трохбаковай сустрэчы з кіраўнікамі нямецкага і расейскага зьнешнепалітычных ведамстваў Гіда Вестэрвеле і Сяргеем Лаўровым.

Раней начальнік упраўленьня інфармацыі — прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных, заявіў, што «перш за ўсё трэба спыніць практыку пастаяннага пашырэньня санкцый з боку ЭЗ. І справа зусім ня ў тым, ці маюць санкцыі эфэкт. Важна, што гэтая практыка выключае магчымасьць асэнсаванага і рацыянальнага збліжэньня пазыцый. Калі адзін бок вядзе актыўныя сілавыя дзеяньні, любыя намаганьні другога боку па дээскаляцыі напружаньня становяцца наўрад ці магчымымі, як, зрэшты, і вяртаньне паслоў. Трэба проста ўсьведамляць гэта. Адмова ад навязваньня сілавога сцэнару істотна мяняе сытуацыю. У гэтым выпадку ўзьнікаюць перадумовы для вырашэньня ўсяго комплексу пытаньняў».

31 студзеня 2011 году на пасяджэньні ў Бруселі Рада Эўразьвязу зацьвердзіла сьпіс прадстаўнікоў РБ, чый уезд у ЭЗ забаронены і чые актывы на яго тэрыторыі падлягаюць замарожваньню. Паводле меркаваньня сяброў Рады, гэтыя асобы спрыялі парушэньню правоў чалавека ў Беларусі. Сьпіс неаднаразова пашыраўся, і цяпер у ім больш за 200 прозьвішчаў. Апошнім разам дакумэнт быў абноўлены 27 лютага 2012 году.

28 лютага афіцыйны Менск рэкамэндаваў кіраўніку прадстаўніцтва ЭЗ Майры Мора і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесьці свайму кіраўніцтву цьвёрдую пазыцыю беларускага боку аб непрымальнасьці націску і санкцый». У Менск для кансультацый былі адкліканы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Эўразьвязе Андрэй Еўдачэнка і пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. У адказ краіны ЭЗ адклікалі сваіх паслоў зь Менску, нагадвае БелаПАН.

Рада ЭЗ разгледзіць сьпіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнэсоўцаў, да якіх могуць быць ужытыя санкцыі, у Бруселі 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG