Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адмова ад сілавога сцэнару — ключ да ўрэгуляваньня рознагалосьсяў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам». Пра гэта заявіў 21 сакавіка начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. «Пачаць рух па гэтым шляху можна толькі празь зьніжэньне інтэнсіўнасьці супрацьстаяньня», — заявіў Савіных. Ці можна разглядаць гэтыя словы як гатоўнасьць афіцыйнага Менску стаць на шлях прымірэньня ў канфлікце з Эўразьвязам? На якіх умовах і якія крокі могуць зрабіць абодва бакі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: «Заява Савіных зьявілася за два дні да заплянаванага на 23 сакавіка паседжаньня Рады міністраў Эўразьвязу, на якім могуць прыняць рашэньне аб пашырэньні санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Ці паказвае гэтая заява, што кіраўніцтва Беларусі ня хоча ісьці на далейшую эскаляцыю і дае сыгнал пра жаданьне залагодзіць сытуацыю?»

Фёдараў: «Пра тое, што беларускае кіраўніцтва ня хоча разьвіцьця падзеяў у такім кірунку, сьведчаць і іншыя зьвесткі. Напрыклад, заявы Менску наконт непажаданасьці ўвядзеньня нават кропкавых эканамічных санкцыяў, інфармацыя пра тое, што беларускі бок спрабаваў празь бізнэс-колы Латвіі і Літвы дабіцца, каб тыя паўплывалі на свае ўрады і не дапусьцілі санкцыяў.

Адзінае, мне падаецца, што зараз трэба не заявы рабіць, а нейкія крокі насустрач тым заклікам аб’яднанай Эўропы, якія яна прымае ўжо даўно. Заявы такога кшталту мы чулі ўжо неаднаразова. Напэўна, у сёньняшніх абставінах заяваў ужо мала».

Цыганкоў: «Ці можна сказаць, што гэтыя заявы Савіных будуць пачутыя Брусэлем і за гэты час, што застаўся да паседжаньня Рады Эўразьвязу, могуць прайсьці нейкія таемныя кансультацыі паміж Менскам і Брусэлем наконт спробаў спыніць раскручваньне канфлікту?»

Фёдараў: «Было б вельмі добра, калі б гэта адбылося і прывяло да нейкіх станоўчых вынікаў. Можа, за гэтыя два дні нічога вонкава не адбудзецца, але з абодвух бакоў павінны быць дадзеныя цьвёрдыя абяцаньні нешта зрабіць, і яны павінны быць выкананыя. У адваротным выпадку тыя рашэньні, якія заплянаваныя на 23 сакавіка, будуць проста адкладзеныя і прынятыя пазьней. Канфлікту гэта не залагодзіць.

Вядома, вельмі б хацелася, каб спынілася гэтая эскаляцыя. Але, на жаль, упэўненасьці ў такім выніку ў мяне няма».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG