Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс невыязных: БХК зьвярнуўся ў Генпракуратуру


Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў зварот у Генпракуратуру па фактах забароны на выезд з краіны шэрагу грамадзкіх дзеячаў, журналістаў і палітыкаў.

Праваабаронцы патрабуюць правесьці праверку па фактах парушэньня канстытуцыйных правоў грамадзянаў на свабоду перамяшчэньня, а таксама заканадаўства аб парадку выезду зь Беларусі і ўезду беларускіх грамадзянаў і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагаваньня.

Апроч таго, Гары Паганяйла і Алег Гулак накіравалі індывідуальныя звароты ў Генпракуратуру, МУС і Мін’юст. Яны патрабуюць ад Мін’юста прадставіць зьвесткі, на якіх падставах іх уключылі ў банк дадзеных часовага абмежаваньня права на выезд. Ад генпракуратуры і МУС — праверыць праўдзівасьць і паўнату зьвестак, якія сталі падставай для ўключэньня іх у гэты банк.

Як паведамляюць усе «невыязныя», падставаў для забароны на выезд за мяжу, якія прадугледжаныя сёмым артыкулам закону аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў РБ грамадзян Беларусі, не было. Апроч таго, ім не паведамлялі аб прымяненьні часовага абмежаваньня такога права, як патрабуе частка 3 артыкула 10 гэтага закону, адзначаюць праваабаронцы.

Пры праходжаньні пашпартнага кантролю ў выезьдзе зь Беларусі адмовілі Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, Віктару Карняенку, Валянціну Стэфановічу, Андрэю Дынько, Жане Літвіной, Міхаілу Янчуку, Станіславу Шушкевічу, Андрэю Бандарэнку і Валерыю Ўхналёву. Старшыня БХК Алег Гулак і старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла даведаліся ў аддзелах грамадзянства і міграцыі, што яны ўнесеныя ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG