Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Нурсултана Назарбаева ў зрыве эўразійскіх інтэграцыйных працэсаў камэнтуе аглядальнік «Свабоды» Мерхат Шарыпжан, спэцыяліст у справах Казахстану.

Юры Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію «Russia today» пасьля саміту ў Маскве фактычна абвінаваціў, усклаў адказнасьць за непадпісаньне чарговых інтэграцыйных дакумэнтаў на Нурсултана Назарбаева. На ваш погляд, наколькі гэтае абвінавачаньне адпавядае рэальнасьці? Наколькі я разумею, размова ішла не пра далейшае разьвіцьцё Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, а пра разьвіцьцё ЭўрАзЭс, дзе ёсьць і Таджыкістан, і Армэнія, інтэграцыйныя сувязі якіх з Расеяй, зь Беларусьсю слабейшыя, чым Казахстана, і было б дастаткова натуральна, калі б яны маглі нейкія пярэчаньні выказаць да гэтага праекту, які менш абавязвае, чым тая ступень інтэграцыі, якая ўжо ёсьць паміж Расеяй і Казахстанам. Чаму Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў менавіта Назарбаева?

Мерхат Шарыпжан: Хачу адзначыць, што ані ў Казахстане, ані ў Расеі пра гэта не гаварылася, што Назарбаеў не падпісаў ці адмовіўся падпісаць гэтае пагадненьне. І якое пагадненьне? Мы ня ведаем дэталяў гэтага пагадненьня ў справе далейшай інтэграцыі, стварэньня так званага Эўразійскага саюзу на тэрыторыі былога СССР. Калі гэта праўда, то ў прынцыпе, гэтага трэба было чакаць. Назарбаеў – вельмі вопытны палітык, пры ўсіх мінусах у яго ёсьць вельмі вялікія плюсы. Ён умее вельмі тонка балянсаваць паміж цэнтрамі ўплыву, паміж Расеяй, Кітаем, мусульманскім сьветам і Захадам. І гэта ў яго атрымлівалася заўсёды вельмі добра. Ён здолеў вельмі добра раскруціць на тэрыторыі былога Саюзу імідж самага галоўнага інтэгратара. Яго паўсюль так называюць, на ўсіх сустрэчах і ня толькі ў Казахстане, але і на тэрыторыі Расеі часта яго так называюць. У той жа час ён умее па-майстэрску тармазіць гэтыя інтэграцыйныя працэсы тады, калі яму трэба. Ізноў жа я грунтуюся на тых фактах, што маю, а гэта адзінае інтэрвію і некалькі фразаў, якія былі агучаныя Лукашэнкам.

Юры Дракахруст: А ў самімі Казахстане перад гэтым самітам ці былі нейкія ноткі, зь якіх можна было зрабіць выснову, што энтузіязм спадара Назарбаева ў дачыненьні фарсіраваньня далейшых этапаў інтэграцыі не такі вялікі насамрэч, як некаму падавалася ці хацелася?

Мерхат Шарыпжан: Я ня думаю. Пра гэта шмат не гаворыцца ў Казахстане. Нават тое, што мы называем апазыцыйнымі коламі ў Казахстане, яны пра гэта не гавораць. У асноўным усе сфакусаваныя на ўнутраных праблемах, а гэта трагічныя падзеі ў Жанаазэне ў сьнежні і далейшыя за імі рэпрэсіі ў дачыненьні да работнікаў нафтавай галіны і апазыцыянэраў, якія спрабуюць дамагчыся незалежнага расьсьледаваньня. Што тычыцца зьнешняй палітыкі, то ані апазыцыйныя, ані ўрадавыя СМІ не даюць ніякай інфармацыі.

Юры Дракахруст: Вы ўжо пачалі гаварыць, што ў Назарбаева ёсьць імідж інтэгратара, і на цяперашнім этапе, калі размова ідзе пра Эўразійскі саюз, Масква і падкрэсьлівае, што ініцыятарам усяго быў Назарбаеў, прынамсі ідэйным. Ці не зьяўляецца прычынай таго, што Лукашэнка зьнянацку агучыў нейкую кухню, што звычайна ня робіцца, то гэта вядомая рэўнасьць, таму што раней у рамках так званай саюзнай дзяржавы нібыта гаварылася, што галоўны інтэгратар на постсавецкай прасторы гэта Аляксандар Лукашэнка. А цяпер высьвятляецца, што ня ён. І можа ён проста вырашыў такім чынам паставіць шпільку. Бачыце, ваш вялікі інтэгратар, а як да справы дайшло, так і пракінуў...

Мерхат Шарыпжан: Можа быць, канечне. Мы памятаем традыцыю былых савецкіх чыноўнікаў (а Лукашэнка і Назарбаеў зьяўляюцца якраз былымі савецкімі чыноўнікамі) – дагадзіць Крамлю, дагадзіць Маскве і гэтак далей. Гэта таксама можа быць, хаця, канечне, інтэгратарам менавіта эўразійскім, ініцыятарам усё ж быў Назарбаеў, хаця ідэя скрадзеная ў так званых расейскіх эўразійцаў.

Юры Дракахруст: А можа гэта ўсё ж саміт скончыўся правалам, бо была агучаная ягоная мэта – хацелі прапанаваць нейкую паперу і яе не падпісалі. Мы ня ведаем, якую, але было агучана менавіта гэта. Ці не атрымалася гэта нейкай аплявухай Мядзьведзеву? Ці не было гэта гульнёй, бо Дзьмітры Анатолевіч ня тое, што кульгавая, але бязногая качка. І шчыра кажучы, складана было ўявіць, што з прэзыдэнтам, паўнамоцтвы якога ўжо фактычна скончыліся, такія людзі, як Лукашэнка, Назарбаеў нешта падпісваюць, прычым такое пэрспэктыўнае, на гады?

Мерхат Шарыпжан: Гэта не зусім так. Мядзьведзеў усё ж – гэта Пуцін. Мядзьведзеў што ні пачаў, гэта будзе рэалізаваць далей Пуцін. Я ня бачу вялікай розьніцы паміж палітыкай як зьнешняй, так і ўнутранай Мядзьведзева і Пуціна. Але я думаю, што яны дамовіліся падпісаць гэтую паперу недзе да 1 студзеня 2015 году. Гэта такі момант, калі ўсе ўдзельнікі выйграюць. Вы памятаеце, што Пуцін абяцаў выбарнікам у Расеі? Ягоным галоўны выбарчым лёзунгам было зьбіраньне былых савецкіх зямель вакол Крамля. Эўразійскі працэс, Эўразійскі саюз, эўразійства – усё гэта было ў пуцінскай перадвыбарчай праграме, і я думаю, што гэта трэба было агучыць асабліва на тле ўсіх выступаў супраць вынікаў выбараў, патрэбна было нешта, што даказала б, што пуцінская палітыка і абяцаньні маюць аснову, глебу, і ідуць у гэтым кірунку.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG