Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінгерыс спадзяецца, што санкцыі закрануць мільярдэраў з атачэньня Лукашэнкі


Кіраўнік парлямэнцкага камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс спадзяецца, што міністры замежных спраў ЭЗ на гэтым тыдні зацьвердзяць санкцыі, якія закрануць мільярдэраў з атачэньня прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе DELFI --> http://ru.delfi.lt/news/politics/zingeris-nadeetsya-chto-sankcii-es-kosnutsya-milliarderov-iz-okruzheniya-lukashenko.d? id=57044249 .

Дэпутат ахарактарызаваў пазыцыю Літвы, сказаўшы, што літоўцы не ўваходзяць ні ў лік самых адважных, ні ў лік здраднікаў.

«Пасяджэньне ў Бруселі ў пятніцу многае вызначыць. Быць можа, мы падыдзем да захадаў, накіраваных на асяродзьдзе Лукашэнкі, я не хачу ўдавацца ў падрабязнасьці, паколькі гэта ўнутраная палітыка краінаў. Але ў рэшце 27 краін прыйдуць да пэўнай высновы і закрануць асяродзьдзе, якое стала мільянэрамі і мільярдэрамі», — сказаў Зінгерыс падчас дыскусіі ў Вільні аб адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю.

«Мы не ўваходзім у лік самых адважных, але мы і ня здраднікі», — сказаў старшыня камітэту замежных справаў.

Іншы член камітэту Эгідзіюс Варэйкіс сказаў беларускім апазыцыянэрам, што галасаваў за больш мяккія санкцыі, хоць патрэбныя больш жорсткія.

«Я сёньня разам зь Зінгерысам прагаласаваў за больш мяккія санкцыі, думаю, гэта дрэнна, што яны мяккія, але яны такія. Я — за жорсткія санкцыі», — сказаў Варэйкіс.

Пазьней, адказваючы на пытаньне BNS, чаму ён галасаваў за такую пазыцыю Літвы, ён сказаў, што ў яго не было магчымасьці выбару.

«У праекце было напісана галасаваць або за першы, альбо за другі пункт, а я хацеў бы галасаваць за шосты, але яго няма», — сказаў Варэйкіс.

«Не магу гаварыць канкрэтна, паколькі пасяджэньне было закрытым. Магу сказаць інакш — розныя краіны прапануюць розныя санкцыі. Я б больш падтрымаў такія краіны, як, да прыкладу, Нямеччына ці Польшча, якія прапануюць больш жорсткія», — сказаў дэпутат.

22 і 23 сакавіка міністры замежных спраў ЭЗ будуць абмяркоўваць пытаньне пашырэньня санкцый у дачыненьні да Беларусі. У СМІ паведамляюць, што супраць эканамічных санкцый больш за ўсіх выказваюцца Латвія і Славенія.
XS
SM
MD
LG