Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва. «Не прымаю спачуваньняў ад Лукашэнкі»


Маці пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва камэнтуе выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, які ў інтэрвію тэлеканалу Russia Today заявіў, што спачувае сваякам расстраляных Кавалёва і Канавалава. Любоў Кавалёва хоча, каб ёй аддалі цела сына. Яна па-ранейшаму верыць у яго невінаватасьць.

Зранку Любоў Кавалёва і яе дачка Тацяна разам з роднымі і блізкімі пайшлі ў царкву, каб паставіць сьвечкі за супакой душы Ўладзіслава Кавалёва. Тут, у царкве Казанскай Божай Маці, некалі хрысьцілі Ўладзіслава і яго сястру Тацяну, а яшчэ раней — і саму Любоў Кавалёву.

Маці ўпершыню надзела чорную хустку. Яна па-ранейшаму ня верыць, што яе сын вінаваты ў тым злачынстве, за якое яго пакараў Вярхоўны суд, і ня можа зьмірыцца са сьмерцю Ўлада.

Для сяброў Уладзіслава Кавалёва вестка пра тое, што сьмяротны прысуд прыведзены ў выкананьне, таксама дагэтуль падаецца нечым неверагодным. Пра гэта кажа Сяргей, адзін з самых блізкіх сяброў:

«Сябрам тэлефаную, кажу, што прыйшла інфармацыя — Уладзіслава няма, прысуд прыведзены ў выкананьне… Яны — ну, ня тое каб плачуць. Некаторыя нават слухаўку адразу кідаюць. Сябра забілі, якая тут можа быць рэакцыя… Ніхто ў гэта паверыць ня можа. Цела ня бачылі. А паверыць нейкай паперцы — ня хочуць, таму гэтага не прымаюць».

Ня можа да канца паверыць у тое, што сына няма, і маці, Любоў Кавалёва. Яна кажа, што ня хоча апранаць жалобнае адзеньне. І нават памінальная сьвечка ў царкве ў ейных руках спачатку загарэлася, а потым патухла…

Калі яна выйшла з храму, раздаўся тэлефонны званок. Нехта паведаміў, што ў інтэрнэце цытуюць словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён спачувае сем’ям расстраляных за тэракт — тых, каго ён сам не памілаваў. Тут маці не магла стрымаць ні сьлёз, ні абурэньня:

«Словы спачуваньня — гэта блюзьнерства! Ён жа сам, сам падпісаў указ на гэтае забойства. Насуперак Канстытуцыі, насуперак працэсуальнаму заканадаўству! Не напісаныя заўвагі на судовыя пратаколы, не напісаная наглядная скарга — тая, што Ўлад напісаў, гэта іншае, гэта каб прыпынілі выкананьне пакараньня, пакуль ня будзе разгледжана наглядная скарга! Улад спадзяваўся на памілаваньне, бо ведаў, што гэтага не рабіў! А Лукашэнка падпісвае загад — забіць!»
Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва


Цяпер Любоў Кавалёва хоча толькі аднаго: каб ёй аддалі цела сына:

«Мне яго спачуваньні не патрэбныя. Адзінае, што я прашу: няхай аддадуць мне сына. Каб я яго магла пахаваць, каб родныя, блізкія, ды ўсе людзі маглі занесьці кветкі на яго магілу! Гэта страшна! Нават пры Сталіну так не рабілі — казалі, на якіх могілках хаваюць, хай сабе ў агульных магілах, але маці ведалі, дзе іх дзеці. А я — ня ведаю…»

Сёньня тыя, хто хоча выказаць спачуваньне сям’і Кавалёвых, нясуць кветкі ды сьвечкі да дома гэтай сям’і. Пакуль маці і родныя хадзілі ў царкву, сьвежыя кветкі зьявіліся на лесьвічнай пляцоўцы, потым чырвоныя гвазьдзікі прынесла маці палітвязьня, віцебская актывістка Тацяна Севярынец.

Любоў Кавалёва кажа, што гэтая асабістая трагедыя стала штуршком да таго, каб пачынаць змаганьне за адмену ў Беларусі сьмяротнага пакараньня:
Тацяна Севярынец прынесла кветкі Любові Кавалёвай

Тацяна Севярынец прынесла кветкі Любові Кавалёвай


«Пакуль гэта пячэ сэрца, дзеля памяці сына, я думаю, трэба прыбіраць гэтае сьмяротнае пакараньне! Так, мне зараз цяжка, балюча, што свайго сына я не ўратавала… Але, можа, уратую яшчэ каго-небудзь!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG