Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свой погляд на цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі прапануе ў блогу на сайце расейскай службы нашага радыё публіцыст Ільля Мільштэйн.

Кветкі, сьвечкі, партрэты. Каля дома ў Віцебску, дзе жыў Уладзіслаў Кавалёў. Ля памятнай дошкі на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску. Каля будынку пасольства Беларусі ў Маскве.

Глядзіш на гэтыя выявы — і не адразу спасьцігаеш іх сэнс.

Мы ж памятаем тэракты ў Расеі, ва ўсёй іх разнастайнасьці, «з загадкамі і непаняткамі», як казаў Шаміль Басаеў. Падазраваных судзілі і прысуджалі, асуджаныя паміралі ў турмах, тэрарыстак, якія задыхнуліся на Дуброўцы, дабіваў спэцназ, і гэта выклікала складаныя пачуцьці, але такога ў нас ніколі не было. Каб людзі адкрыта, нават дэманстратыўна выказвалі смутак па забітых «злачынцах». Каб да дома, дзе жыў таямнічы Пуманэ ці там вахабіт Раздабудзька, калі той наогул існаваў, несьлі белыя ружы і чырвоныя гвазьдзікі. У галаву не прыходзіла.

Беларускі фэномэн варты дасьледаваньня.

Па-першае, агіду выклікае само па сабе сьмяротнае пакараньне, а Беларусь — адзіная дзяржава ў Эўропе, дзе гэтая найвышэйшая мера сацыяльнай абароны яшчэ не адмененая. Паведамленьне аб тым, што двух маладых людзей, няхай нават злачынцаў, спакойна прыстрэлілі ў турме, жахае, і для гэтага ня трэба быць прынцыповым праціўнікам узаконенага забойства або памятаць пра шостую запаведзь. Ёсьць нешта, закладзенае ў чалавечай прыродзе, што пярэчыць пакараньню.

Па-другое, занадта шмат пытаньняў выклікае працэс па справе Кавалёва і Канавалава. Гэты дзіўны тэракт, настолькі ж недарэчны, наколькі і жахлівы — без відавочных матываў і мэтаў. Гэтыя дзіўныя падазраваныя, нейкія хімікі-самавукі, зусім не падобныя на тэрарыстаў. Гэтая дзіўнае, імгненнае іх затрыманьне, літаральна на другі дзень пасьля выбуху. Гэты дзіўны суд, па завяршэньні якога ў зале гучалі крыкі «Ганьба», «Каты!» Але не на адрас асуджаных забойцаў. Ганьбай таўравалі сьледчых, судзьдзю і пракурораў.

Па-трэцяе, надзвычай важны фактар Лукашэнкі. Гэта яшчэ называецца «рэпутацыяй», і калі Бацька, мэтафарычна заломваючы рукі, заяўляе, што самым цяжкім заняткам у яго жыцьці зьяўляецца праца са сьмяротнікамі, якія зьвяртаюцца да яго з просьбай аб памілаваньні, то ня трэба быць Станіслаўскім, каб не паверыць. Затое безумоўнага даверу заслугоўваюць вэрсіі, зьвязаныя зь яго, так бы мовіць, палітыкай. Як унутранай, гэтак і зьнешняй.

Унутры Беларусі ён пасьлядоўна напампоўвае страхі, забіваючы ў галовы суайчыньнікаў, што іх прэзыдэнт страшнейшы за любы крызіс. Таму спрыяюць і «чорныя сьпісы» невыязных беларусаў, што проста супярэчыць закону, і псыхалёгія абложанай крэпасьці, якая навязваецца грамадзтву, і агульная атмасфэра задушлівага маразму. І чым ясьней ён усьведамляе сваю абсалютную ўладу ў маленькай краіне і абсалютную адзіноту ў сьвеце, тым мацней лютуе.

Што тычыцца палітыкі зьнешняй, то тут карціна проста супрацьлеглая: страшна самому Аляксандру Рыгоравічу. Захад ужо абвясьціў яму халодную вайну, справа дайшла і да адкліканьня паслоў, а Ўсход у асобе партнэра па саюзнай дзяржаве добразычліва і цярпліва чакае, калі цалкам збанкрутаваная Беларусь распрадасьць усе хоць трохі каштоўныя актывы, што дэ-факта будзе азначаць страту незалежнасьці і далучэньне да Расеі. Разам з бацькам або безь яго — не прынцыпова. На гэтым фоне трывогі наконт пераносу сусьветнага хакейнага чэмпіянату зь Беларусі ў якую-небудзь іншую, не настолькі экзатычную краіну, выглядаюць ужо цалкам абгрунтаванымі, але дробнымі. Лукашэнка прайграе па-буйному, як ніколі ў жыцьці, і ўжо незразумела, хто можа прыйсьці яму на дапамогу. Гульні ў шматвэктарную палітыку, з кідкамі на Захад і на Ўсход, скончыліся і ўжо нікому не цікавыя.

Усё ж такі гэта жудасна — быць апошнім эўрапейскім дыктатарам.

Можна таксама выказаць здагадку, што ён і сам ня ведае, хто арганізаваў тэракт у менскім мэтро, нават калі паверыць, што на мінулым тыдні былі пакараныя выканаўца і памагаты. І гэта для яго сумней за ўсё, каго б ён ні падазраваў: асяродзьдзе з спэцслужбаў, сяброў з Усходу ці «пятую калёну». Аднак характар у 57 гадоў ня зьменіш, і Лукашэнка зноў дэманструе адзінае, на што здольны: крутасьць і непахіснасьць. Ён зноў палохае сьвет і беларусаў, адмаўляючыся памілаваць двух маладых людзей, і паведамленьні аб расстрэлах публікуюцца амаль адразу пасьля таго, як ён прымае сваё канчатковае рашэньне па справе аб тэракце.

А каля дома, дзе жыў адзін з пакараных, ляжаць кветкі і гараць сьвечкі. Міліцыя зносіць іх, кветкі зьяўляюцца ізноў, і ўладам даводзіцца арганізоўваць сталае дзяжурства. Гэта такі бунт па-беларуску: сьвечкі і кветкі ў памяць пра маладых людзей, пра якіх дакладна не вядома, злачынцы яны ці не. Сапраўды ўсё вядома толькі пра Лукашэнку, але ў гэтым веданьні так шмат смутку для яго суграмадзян, што здаецца, быццам ускладаючы кветкі, яны аплакваюць сябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG