Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Каваленкі выклікаюць рэаніматоляга

абноўлена

Алена Каваленка пасьля сустрэчы з мужам
Алена Каваленка пасьля сустрэчы з мужам

З палітвязьнем Сяргеем Каваленкам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску сустрэлася ягоная жонка Алена Каваленка.

Сяргей Каваленка на «Валадарцы» працягвае галадоўку, хоць вельмі слабы. Гэта паведаміла жонка вязьня Алена пасьля сёньняшняй сустрэчы з мужам. Яна згадала, што Сяргей прыйшоў на спатканьне больш як на 5 хвілін пазьней, чым усе астатнія вязьні, якія адначасова зь ім сустракаліся са сваякамі:

«Нават сам міліцыянт сказаў, што пачакайце, зараз ён дойдзе, бо яму цяжка. Я была з дачкой. Прыйшоў вельмі худы, вельмі слабы і зьнясілены. Відавочна, што цяжка яму рабіць рухі, нага амаль не рэагуе. Каб перакінуць нагу праз лаўку, дапамагаў сабе рукамі. Колер скуры жоўты. Тэмпэратура вагаецца паміж 35,1–35,2. Вага тры дні таму была 50 кіляграмаў, больш ня ўзважвалі. Аддзяленьня сьліны ўжо няма. Кропельніцы яму ставяць па-ранейшаму прымусова, як прывязваюць да ложка. 8 чалавек пры гэтым прысутнічае. Каля камэры, дзе яго трымаюць, трывала дзяжураць два супрацоўнікі, усю ноч гучна размаўляюць. Кажа — можа, гэта наўмысна робяць, каб пазбавіць яго адпачынку?»

Алена Каваленка сказала, што муж па-ранейшаму не зьбіраецца спыняць галадоўку і заяўляе, што будзе працягваць змаганьне за справядлівасьць.

Да спатканьня Алена Каваленка бачылася на «Валадарцы» зь лекарам, начальнікам мэдычнай часткі. Паводле Алены, 22 сакавіка на «Валадарку» выклікаюць лекара-рэаніматоляга, каб атрымаць прафэсійныя парады па вывадзе з галадоўкі. «Не выключаюць, што пачнуць яго прымусова карміць, але патрэбныя адмысловыя лекі і прыстасаваньні, якіх у іх няма. У цывільны шпіталь яго па-ранейшаму класьці адмаўляюцца», — сказала Алена Каваленка.
Не выключаюць, што пачнуць яго прымусова карміць.

Сяргей Каваленка ведае пра расстрэл Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, якіх суд прызнаў вінаватымі ў тэрарызьме. Вязьні гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць, бо ёсьць меркаваньне, што прысуд быў выкананы там, на «Валадарцы». Але нейкіх падрабязнасьцяў Сяргей ня ведае. «Прасіў перадаць, што яго гэта не запалохае», — кажа Алена Каваленка.

Галадоўнік зноў заклікаў беларусаў выяўляць зь ім салідарнасьць:

«Заклікаў рабіць акцыі, падыходзіць да „Валадаркі“, каб астатнія людзі, якія ня ведаюць, бачылі, што адбываецца ў краіне. Прасіў яго падтрымаць».

22 сакавіка Алена Каваленка зьбіраецца зноў прыйсьці ў ізалятар на Валадарскага, каб даведацца пра вынік агляду мужа лекарам-рэаніматолягам.

Сяргей Каваленка галадуе з 19 сьнежня зь перапынкам на 20 дзён у лютым. Актывіст КХП БНФ дамагаецца адмены прысуду — 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне рэжыму адбыцьця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску.


Алена Каваленка: Сяргей прасіў яго падтрымаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:11 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG