Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У райцэнтры Касьцюковічы 20 сакавіка загінуў грамадзянін Кітаю. Ён зваліўся з будаўнічых рыштаваньняў на тэрыторыі Беларускага цэмэнтнага заводу. 42-гадовы кітаец памёр у раённай бальніцы.

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, па факце сьмерці замежніка вядзецца праверка. У прыватных гутарках будаўнікі кажуць, што загінуў кітаец праз парушэньне тэхнікі бясьпекі.

Гэта ўжо другі інцыдэнт з кітайскімі будаўнікамі ў Касьцюковічах. Летась у сьнежні двое кітайцаў трапілі ў бальніцу з нажавымі раненьнямі. Як высьветлілася, іх парэзаў іхны ж суайчыньнік пасьля сумеснай выпіўкі й бойкі. Зламысьніка затрымалі. Высьветліць яго далейшы лёс не ўдалося. Яму пагражала да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

У Касьцюковічах больш за 500 кітайцаў займаюцца мантажом абсталяваньня на новай лініі цэмэнтнага заводу. Абсталяваньне — кітайскай вытворчасьці.
XS
SM
MD
LG