Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідэр кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдат у прэзыдэнты Уладзімер Някляеў выказаў сваё стаўленьне да стварэньня ўраду ў выгнаньні.

Артыкул «Падарункі да Дня Волі» зьмешчаны ў інтэрнэт-выданьні «Naviny.by».

«Беларуская Народная Рэспубліка — гэта тое, што ў нас павінна быць і будзе, — піша Ўладзімер Някляеў. — Гэта тая Беларусь, да якой мы ніяк ня можам дайсьці. Таму час ад часу зьяўляюцца павадыры.

Адзін зь іх — доктар Ганс-Георг Вік, які прапанаваў стварыць беларускі ўрад у выгнаньні. Каб ён прадстаўляў за мяжой Беларусь. Доктар Ганс-Георг Вік ды іншыя дактары будуць гэты ўрад падтрымліваць — і ён давядзе нас да новай, дэмакратычнай Беларусі.

Тут проста ня можа ня ўзьнікнуць лягічнае пытаньне: а чаму б не падтрымаць той беларускі ўрад у выгнаньні, які ўжо ёсьць: Раду Беларускай Народнай Рэспублікі? Урад, які амаль стагодзьдзе змагаецца за незалежную, эўрапейскую Беларусь. Для чаго (і для каго) патрэбны новы?

Па-сутнасьці, менавіта пра гэта спытаў доктар Янка Запруднік, уступіўшы ў спрэчку з доктарам Гансам-Георгам Вікам. Каго гэты новы ўрад будзе прадстаўляць?..

Доктар Янка Запруднік тактоўна ня стаў адказваць на гэтае пытаньне наўпрост. А паколькі я ня доктар і праз тое не такі тактоўны, як спадар Янка, дык адказваю: новы ўрад ня будзе прадстаўляць нікога, апроч сябе самога. Прадстаўляць Беларусь ён ня зможа хоць бы праз адсутнасьць легітымнасьці, якую, прадстаўляючы Беларусь, мае Рада БНР.

Мяне, мякка кажучы, зьдзіўляе беларуская апазыцыя, якая з таго часу, як за мяжу змушаны быў зьехаць Зянон Пазьняк, практычна ігнаруе Раду БНР. І даводзіць эеўрапейскім партнэрам, што ў Радзе няма з кім мець справу. Што яна — толькі сымбаль.

Гэткае стаўленьне з боку апазыцыі да Рады БНР выклікала адпаведныя адносіны да яе (дый увогуле да беларускай эміграцыі) з боку нашых заходніх партнэраў. На іх сустрэчах з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасьці я ніколі ня бачыў ніводнага прадстаўніка Рады БНР. Аднойчы (у Вільні) наўпрост спытаў: «Чаму няма?». І пачуў у адказ: «Удзельнікаў з вашага боку вызначаеце вы».

Я не вызначаў. А калі б вызначаў, дык на ўсіх спатканьнях, якія ладзяцца па беларускіх пытаньнях, абавязкова былі б прадстаўнікі Рады. І я прашу нашых партнэраў, якім вельмі ўдзячны за іх шматгадовыя высілкі ў дапамозе Беларусі на яе пакутлівым шляху да дэмакратыі, гэта ўлічыць.

Перад рэальнай небясьпекай, перад пагрозай страты незалежнасьці мы проста абавязаныя ўсе беларускія сілы сабраць у кулак. Хопіць тыркаць растапыранымі пальцамі, кожны раз спрабуючы вызначыць пры гэтым, які палец большы. Я згодны быць меншым. Хоць мезенцам. Але ў кулаку.

Народны паэт Беларусі, сустаршыня Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць Рыгор Барадулін напісаў: «Большы ня той, хто цыбаты. Большы той, хто вялікі».

Рада БНР, ня ўцягнутая ва ўнутрыапазыцыйныя высьвятленьні адносінаў, адстойвае не партыйныя і не нечыя асабістыя — агульнабеларускія інтарэсы. Абылганыя савецкай і лукашэнкаўскай прапагандай як «ворагі, здраднікі, фашысцкія найміты», апазыцыяй пераведзеныя ў «сымбалі», сябры Рады БНР даўно б маглі, што называецца, вымыць рукі. Папросту сказаць: здацца. Асымілявацца. Забыцца на сваю беларускасьць, якая ў прагматычным заходнім сьвеце нічога ім не дае. Толькі забірае — і не адно час і нэрвы.

Але яны не здаліся. Не асыміляваліся. Ні на што сваё не забыліся.

Няхай сабе нехта лічыць, што Рада БНР — толькі сымбаль. Але гэта сымбаль таго ж кшталту, што й Пагоня, што й бел-чырвона-белы сьцяг. І сябры Рады ўсіх часоў — гэткія самыя сымбалі, якім ёсьць няскораная, ня зломленая Ларыса Геніюш.

У спрэчцы паміж Вікам і Запруднікам я на баку Запрудніка.

Выбіраючы паміж Гансам-Георгам і Янкам, я выбіраю Янку.

Паміж новым урадам у выгнаньні і Радай БНР я выбіраю Раду БНР, са зьяўленьнем якой зьявілася 25 сакавіка 1918 году — наша першае нацыянальнае сьвята. Таму яна, Рада, назаўсёды застанецца першай — паперадзе ўсіх, якія былі і будуць, урадаў" — піша экс-кандыдат у прэзыдэнты Уладзімер Някляеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG