Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаварыць пра правядзеньне дэнамінацыі ў Беларусі заўчасна, — заявіла падчас наўпростай лініі ў газэце «Рэспублiка» старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова.

«Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне. На фоне дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якая адбылася, пры тым узроўні інфляцыі, які ў нас склаўся ў мінулым годзе, казаць аб правядзеньні дэнамінацыі заўчасна. Нам неабходна перш за ўсё аднавіць рост эканомікі, забясьпечыць стабільнае функцыянаваньне грашова-крэдытнай сыстэмы, дамагчыся таго , каб працэнтныя стаўкі сталі прымальнымі — хоць бы ніжэй за 10%. Тады можна будзе разглядаць гэтае пытаньне», — адзначыла кіраўнік Нацбанка.

Але цалкам яна не выключыла дэнамінацыю:

«Не выключана, што мы прыбярэм лішнія нулі, калі вырастуць даходы насельніцтва і ў нашых кашальках купюры ўжо проста не будуць зьмяшчацца. Але гэта адбудзецца не сёньня і не заўтра».

Адказваючы на пытаньне, ці варта пасьля выпуску ў зварот купюры ў Br200 тысяч чакаць зьяўленьне ў хуткім часе банкноты наміналам Br500 тыс., кіраўнік Нацбанка сказала:

«Спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Але калі раптам сытуацыя складзецца такім чынам, што нам спатрэбіцца купюра у 500 тысяч, то правільней тады будзе правесьці дэнамінацыю».
XS
SM
MD
LG