Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Дзярждумы зноў прапаноўвае эўразійскі парлямэнт


Старшыня Дзярждумы Расеі Сяргей Нарышкін лічыць, што ў недалёкай пэрспэктыве Эўразійскі парлямэнт можа стаць дэмакратычным органам, які абіраецца прамым галасаваньнем грамадзян.

Нарышкін не ўпершыню выказваецца за стварэньне наддзяржаўнага парлямэнту.

«Перакананы, што рашэньне такой амбіцыйнай задачы, як стварэньне да 1 студзеня 2015 Эўразійскага эканамічнага саюзу, запатрабуе сур’ёзнай перабудовы ўсяго комплексу міжпарлямэнцкага ўзаемадзеяньня. У выніку, на наш погляд, павінен быць створаны Эўразійскі парлямэнт», — заявіў С. Нарышкін, выступаючы ў аўторак на пасяджэньні Міжнароднага эканамічнага форуму дзяржаў-удзельніц СНД «СНД і новыя фарматы эўразійскай інтэграцыі».

Паводле Нарышкіна, гэтая задача прадугледжвае паэтапнае пераўтварэньне Міжпарлямэнцкай Асамблеі ЭўрАзЭС ў Эўразійскую Міжпарлямэнцкую Асамблею, а затым — у паўнавартасны Эўразійскі парлямэнт.

Мяркуецца, што ў 2012-2014 гады павінны быць створаныя ўсе ўмовы для падпісаньня ў 2015 годзе ўсёабдымнай Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, падрыхтаванай на аснове разьвіцьця прававой базы мытнага саюзу, і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану і Расеі, адзначыў сьпікер Дзярждумы РФ.

«У рамках гэтай Дамовы, на мой погляд, і можна будзе разглядаць у поўным аб’ёме пытаньне аб стварэньні Эўразійскага парлямэнту. І, у прыватнасьці, надзяленьня яго заканадаўчымі і кантрольнымі паўнамоцтвамі па аналёгіі з Эўрапейскім парлямэнтам,» — падкрэсьліў Нарышкін.

Пляны падпісаньня дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе абмяркоўваліся ўчора ў Маскве на саміце кіраўнікоў краін ЭўрАзЭС. Як паведаміў беларускі віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, Менск быў гатовы падпісаць дамову, але яна не была падтрыманая іншымі ўдзельнікамі саміту.
XS
SM
MD
LG