Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле славенскіх СМІ, Любляна ўжо ня будзе блякаваць кандыдатуру беларускага алігарха Юрыя Чыжа — партнэра славенскай фірмы Riko

Як піша люблянскае выданьне Dnevnik, праўдападобна, што 23 сакавіка рашэньне адносна санкцыяў супраць Менску ўсё ж будзе прынятае. Dnevnik таксама ўдакладняе, што 21 сакавіка, гэта пытаньне будзе абмеркаванае на ўзроўні эўрапейскіх амбасадараў. Калі згода паміж імі будзе дасягнутая, то ў пятніцу рашэньне будзе прынятае без абмеркаваньняў. Калі ж згоды не атрымаецца, абмеркаваньне працягнецца ў пятніцу ўжо на ўзроўні кіраўнікоў МЗС.

Паводле славенскіх аглядальнікаў, Любляна ўжо ня будзе блякаваць кандыдатуру беларускага алігарха Юрыя Чыжа — партнэра славенскай фірмы Riko (ня так даўно гэтая кампанія атрымала ў Беларусі кантракт на 100 мільёнаў эўра). Як вынікае з інфармацыі з дасьведчаных крыніцаў, акрамя Чыжа, у так званым «чорны сьпіс» унесеныя некалькі кампаніяў іншага беларускага мільярдэра ­ Ўладзімера Пефціева. Супраць самога алігарха ўжо ўведзеная забарона на ўезд у краіны ЭЗ, ягоныя актывы замарожаныя, і гэтая справа разглядаецца ў Эўрапейскім судзе ў Люксэмбургу. Гэта вышэйшая судовая інстанцыя ЭЗ, і яе рашэньні ня могуць быць абскарджаныя.

Напярэдадні славенскі міністар замежных справаў Карл Эр’явец заявіў, што ў выпадку такога комплекснага падыходу ягоная краіна будзе падтрымліваць санкцыі. Сёньня ведамства Эр’яўца выступіла з рэзкай заявай у сувязі зь сьмяротным выракам двум маладым беларусам. Гэты прысуд рэжым ажыцьцявіў вельмі імкліва, нягледзячы на недастатковую доказную базу і шматлікія звароты да Лукашэнкі з боку кіраўнікоў ЭЗ аб прыпыненьні сьмяротнага пакараньня. МЗС Славеніі, якая рашуча выступае супраць сьмяротных выракаў, назвала расстрэлы Канавалава і Кавалёва жорсткім і бесчалавечным прысудам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG