Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП вылучыць на выбарах 110 сьпікераў


Леў Марголін і Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Леў Марголін і Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

АГП вызначыць выбарчую стратэгію незалежна ад партнэраў па кааліцыі.

Пра гэта сёньня заявілі на прэсавай канфэрэнцыі старшыня партыі Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Леў Марголін. Паводле іхніх словаў, стаўленьне да восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў сфармулюе партыйны зьезд, заплянаваны на 31 сакавіка. Рашэньне дэлегатаў будзе канчатковым, і на яго ўжо не паўплываюць магчымыя кансультацыі з партнэрамі па дэмакратычнай супольнасьці.

Ці азначае такі падыход, што АГП пасьля зьезду спыняе ўсе перамовы са сваімі партнэрамі і ці будзе партыя, напрыклад, удзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, які прапануе правесьці БХД? — адразу пацікавіліся журналісты. Анатоль Лябедзька адказаў:

«Ёсьць нейкія deadlines. Немагчыма ўвесь час праводзіць у кансультацыях. На мой погляд, калі не ўдаецца дамовіцца па нейкіх пытаньнях шасьці ці сямі палітычным структурам, то гэтае пытаньне ня можа вырашыць тысяча чалавек. Кангрэс — гэта сьвята, туды выносяцца пытаньні для іх ратыфікацыі, для наданьня ім большай легітымнасьці».

Аляксей Янукевіч — старшыня партыі БНФ, якая вядзе кансультацыі зь іншымі суб’ектамі, у размове са «Свабодай» так ацаніў пазыцыю кіраўніцтва АГП:

«Сапраўды, так выглядае, што апошнім часам іхняя пазыцыя скіраваная на рэалізацыю сваёй уласнай стратэгіі ў значна большай ступені, чым на ўзгадненьне яе зь іншымі суб’ектамі. Я думаю, што гэта абсалютна нармальны і зразумелы працэс напярэдадні партыйнага зьезду, то бок у той час, калі ўнутранае партыйнае жыцьцё набывае большую вагу.

Аднак у мяне ёсьць спадзяваньні і нават перакананьне, што новае партыйнае кіраўніцтва, якое абяруць дэлегаты зьезду, маючы сьвежы мандат, будзе выяўляць гатоўнасьць і волю максымальна ўзгадняць пазыцыі, каб не было штучнага супрацьстаяньня».

«Калі АГП ня будзе мець узгодненай пазыцыі зь іншымі суб’ектамі кааліцыі, то яе дзеяньні падчас выбарчай кампаніі ня будуць мець аніякага значэньня», — лічыць дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Бо цяпер маюць значэньне альбо кансалідаваныя дзеяньні ўсёй палітычнай апазыцыі, альбо гэта зноў будзе рух розных суб’ектаў у розных кірунках, з рознымі мэтамі і задачамі. І гэта ня стане ніякім фактарам уплыву на палітычную сытуацыю. Тым больш, што ў сёньняшніх варунках толькі аб’яднаныя сілы — і палітычнай апазыцыі, і грамадзянскай супольнасьці — могуць дасягнуць выразных мэтаў падчас выбарчай кампаніі.
Мы прапануем найбольш небясьпечны ўдзел у гэтай выбарчай кампаніі.

Некалькі разоў ад імя Нацыянальнай плятформы грамадзянскай супольнасьці і шэрагу арганізацый была агучана неабходнасьць кансалідаванай пазыцыі ад палітыкаў. І тады да гэтай кампаніі маглі б далучыцца шырэйшыя колы грамадзянскай супольнасьці».

Кіраўнікі АГП прапанавалі дэлегатам зьезду наступную праграму дзеяньняў. Партыя выстаўляе сваіх кандыдатаў ва ўсіх 110 выбарчых акругах. Аднак іх прозьвішчаў у бюлетэнях ня будзе. Кандыдаты не бяруць грошы ад дзяржавы, а ў вызначаны час разам здымаюцца з выбарчай гонкі. Выбарцаў заклічуць байкатаваць галасаваньне, а ў выпадку, калі на іх будзе моцны прэс з боку ўладаў, галасаваць «супраць усіх».

Анатоль Лябедзька лічыць, што такім чынам можна будзе скарыстаць для агітацыі дзяржаўны эфір, які даецца кандыдатам у дэпутаты:

«Мы будзем вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Мы іх называем, праўда, сьпікерамі. Таму што ў іх крыху іншая функцыя. Гэта будзе не зусім кандыдат клясычны. Яго галоўная задача — данесьці пасланьне да як мага большай колькасьці выбарцаў.

Пасланьне будзе дастаткова жорсткім. Таму Леў Марголін неяк добра выказаўся, што нам патрэбны 110 адважных. Мы прапануем найбольш небясьпечны ўдзел у гэтай выбарчай кампаніі. Таму што наш мэсыдж будзе такі: Аляксандар Лукашэнка і яго сыстэма — гэта тупік. Выхад з тупіку — гэта свабодныя выбары. А іх сёньня — няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG