Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзінай з Расеяй электроннай базы невыязных пакуль няма


Аляксей Бягун, кіраўнік дэпартамэнта па грамадзянству і міграцыі МУС РБ

Аляксей Бягун, кіраўнік дэпартамэнта па грамадзянству і міграцыі МУС РБ

У Маскве на паседжаньні Міждзяржаўнага савету ЭўрАзЭС кіраўнікі краінаў разглядалі пытаньні ўніфікацыі пашпартна-візавага кантролю. Па выніках абмеркаваньня падпісаны дакумэнт «Аб ходзе працы над выкананьнем рашэньня № 70 кіраўнікоў дзяржаваў ад 9 сьнежня «Аб уніфікацыі пашпартна-візавага кантролю ў дзяржавах—сябрах Мытнага саюзу».

Цяпер беларусы, якім забаронены выезд зь Беларусі, выяжджаюць у краіны Эўразьвязу праз Расею, зь якой няма мяжы. Ці не азначае прыняцьце ўніфікаванага заканадаўства, што будзе дзейнічаць агульная база невыязных грамадзянаў і беларусы, якім з палітычных прычынаў забаранілі выезд за мяжу, ня змогуць выяжджаць праз Расею?

Што да падпісанага 19 сакавіка ў Маскве дакумэнту па ўніфікацыі пашпартна-візавага кантролю ў дзяржавах-сябрах Мытнага саюзу, начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун тлумачыць:

«Там пытаньне стаіць па агульных уніфікаваных міграцыйных правілах для ўезду, перасячэньня мяжы і перабываньня грамадзянаў як ЭўрАзЭС, так і грамадзянаў трэціх краінаў. Гэта пакуль не пагадненьне. Яны разглядалі і зацьвярджалі агульную канцэпцыю поглядаў».

Прадстаўнікі Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС і Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусі ня першы год кажуць пра стварэньне адзінай з Расейскай Фэдэрацыяй базы невыязных грамадзянаў.

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун кажа, што агульная сыстэма ёсьць, і часам яна працуе:

«Адзінае, чаго ў нас няма — нарматыўна-прававога акту, які замацоўваў бы гэтае пытаньне. У нас падрыхтаваны зараз праект міжурадавага пагадненьня і тэхнічнага рэглямэнту па абмене інфармацыяй. Нарматыўнае замацаваньне ў пагадненьні адлюстраванае».

А тым часам грамадзяне Беларусі, якія трапілі ў электронную базу невыязных, трапляюць у краіны Эўразьвязу кружнымі шляхамі — да прыкладу, праз Расею.

Прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту тлумачыць, што ў Беларусі добра адладжаная электронная сыстэма, якая працуе вельмі апэратыўна, а ў Расеі дагэтуль памежнікі карыстаюцца шматлікімі сьпісамі:
Наколькі я ведаю, яны па-ранейшаму карыстаюцца поштай і дагэтуль гартаюць кнігі розныя.

«То бок калі чалавека ставяць у адпаведнасьці з законам на адпаведны кантроль, то гэта практычна ў онлайн-рэжыме даходзіць да пунктаў пропуску, і гэта хуценька ўсё робіцца. А ў Расеі, Казахстане, я ведаю, такіх электронных сыстэм у пунктах пропуску няма. І таму нават калі хтосьці мае запазычанасьць ці кагосьці шукаюць, і калі мы паведамляем у Расею, то яны не заўсёды могуць забясьпечыць у онлайн-рэжыме адпаведныя захады. Усё залежыць ад сыстэмаў, якія выкарыстоўваюцца на межах. Наколькі я ведаю, яны па-ранейшаму карыстаюцца поштай і дагэтуль гартаюць кнігі розныя. Мы так не гартаем ужо даўно».

У Фэдэральнай міграцыйнай службе МУС Расейскай Фэдэрацыі, што да існаваньня агульнай зь Беларусьсю базы невыязных, Радыё Свабода адказу пакуль не атрымала. Параілі зьвярнуцца зь пісьмовым запытам:

«У нас адзіная практыка для ўсіх — мы працуем толькі па пісьмовых запытах».

На пытаньне, ці існуе ўсё ж такі адзіная база грамадзянаў Беларусі і Расеі, якім выезд з краінаў забаронены, начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун адказаў так:

«У Расейскай Фэдэрацыі наагул некалькі сыстэмаў уліку, і таму ў іх няма пакуль адзінага парадку. То бок у іх агульнай базы дадзеных пакуль няма. Трэба разумець, што зараз перасякаюць яны мяжу, а як мэханізм запрацуе, дык перасякаць ня будуць. Прычым як з аднаго, так і з другога боку».

Карэспандэнтка: «А як хутка ён запрацуе?»

«Усе зацікаўленыя органы працуюць, таму што мы ж стварылі агульную міграцыйную прастору, адсутнічае кантроль на агульных межах. Так што будзем спадзявацца, што ўсё будзе вельмі хутка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG