Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета мае адбыцца частковая рэформа пэнсійнай сыстэмы. Адпаведны ўказ падпісаў у мінулую нядзелю Аляксандар Лукашэнка. Паводле гэтага дакумэнту, чалавек пэнсійнага ўзросту мае права працаваць і далей, не атрымліваючы дзяржаўнай пэнсіі. Пры гэтым памер будучай пэнсіі абяцаюць з кожным годам павялічваць.

Паслухаем, што сёньня кажуць людзі пра плянаваныя зьмены ў пэнсійным забесьпячэньні, што іх насьцярожвае і засмучае. Запісы гутарак — у рэгіянальным аглядзе «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Спачатку — цікавасьць, пазьней — пратэсты...»

Многія пэнсіянэры і людзі перадпэнсійнага веку на Гарадзеншчыне рэформу пэнсійнай сыстэмы, уведзеную Лукашэнкам, лічаць чарговай хітрасьцю дзеля таго, каб спакусіць людзей сталага веку адмовіцца ад заробленай пэнсіі.


Спадар Мікалай — у перадпэнсійным веку. Навіну пра рэформу пэнсійнай сыстэмы ўспрыняў напачатку зь цікавасьцю. Але, разабраўшыся, пабачыў, што ўлада папросту ня хоча адкрыта падымаць пэнсійны ўзрост, бо гэта можа выклікаць пратэсты.

Спадар зьвярнуўся да звычайнай арытмэтыкі і палічыў, што з гэтага можа мець пэнсіянэр.

Спадар: «Калі я, да прыкладу, атрымліваю 3 мільёны, то за год гэтыя 6% складаюць толькі 180 тысяч. Улічыўшы інфляцыю — гэта абсалютна нічога...»

«Я зараз маю працоўны стаж 37 гадоў — дык што, гэтага недастаткова, каб атрымліваць пэнсію, на якую можна было б прыстойна пражыць?»

Спадарыня Любоў мае больш як 30 гадоў пэдагагічнага стажу. Як пераваліла за 50, адчула, што працаваць настаўніцаю нестае сілаў. Зь яе слоў, большасьць знаёмых на пэнсіі падпрацоўваюць, бо грошай не хапае. А спадарыня Любоў ня можа зьмірыцца з тым, што чалавек у нашай краіне, адпрацаваўшы 30 і болей гадоў, ня можа пражыць на пэнсію.

Спадарыня: «Я наагул прыхільніца таго, каб чалавек адпрацаваў і меў прыстойную пэнсію. Я зараз маю стаж працоўны 37 гадоў — дык што, гэтага недастаткова, каб атрымліваць пэнсію, за якую можна было б прыстойна пражыць? Ня ведаю, але гэта чарговая піраміда МММ».

«Не ад добрага жыцьця пэнсіянэры ходзяць на працу»

Спадар Яўген ужо больш як 10 гадоў на пэнсіі і кажа, што многія пэнсіянэры не ад добрага жыцьця ходзяць на працу. Ён дадае, што на пэнсію харчуецца вельмі сьціпла і па некалькі гадоў не купляе сабе ніякай адзежы, бо грошай сабраць ня можа.

Спадар: «Я, да прыкладу, калі мне ўжо падыходзіла пад 60 год, раптам у адзін момант адчуў, што мне вельмі цяжка працаваць. І я свайму шэфу сказаў, каб рыхтаваў зьмену, бо я буду кідаць працу».

Яшчэ адзін пэнсіянэр, спадар Валеры, калі я запытаўся, ці пойдзе ён дарабляць паводле новага ўказу да пэнсіі, адказаў наступным чынам:

Спадар: «Не, я ўжо працую толькі дзеля свайго задавальненьня. Што от трохі на будоўлі сыну дапамагу — печку напалю, што трохі пакапаюся ў сваім гародзе — усё толькі для сябе. Мне цяпер толькі пачытаць што-небудзь ды яшчэ пагаварыць з добрымі людзьмі».

«Асноўная маса людзей сталага веку ўжо выпрацавалася...»

Таксама на Гарадзеншчыне наш карэспандэнт высьвятляў сёньня, што думаюць і кажуць пра пэнсійную рэформу мінакі на гарадзенскіх вуліцах.


Спадар: «Гэта, я лічу, немэтазгодна. Гэтыя шэсьць адсоткаў за год — выйдзе за месяц шэсьцьдзесят ці сто тысяч, які сэнс? Я б на такое не згадзіўся. У мяне жонка адпрацавала дваццаць пяць гадоў зь дзецьмі, магла пайсьці ў пяцьдзясят год на пэнсію ільготную, яна пайшла, я лічу — гэта заслужана. Што такое азначае — адпрацаваць зь дзецьмі столькі часу, вы разумееце? А міліцыя ды іншыя, яны атрымліваюць пэнсію дзяржслужачага, а гэта ня тая пэнсія, што ў звычайнага чалавека. А яшчэ атрымліваць пэнсію пачынаюць у сорак — сорак пяць год. Я лічу, гэта незаслужана, няшмат яны перапрацоўваюць».

«У нас большасьць не дажывае да пэнсійнага веку...»

Пэнсіянэр: «Ведаеце што: у нас колькі працягласьць жыцьця? У нас большасьць не дажывае да пэнсійнага веку. Якое можа быць падвышэньне, праца? Ну, сёй-той можа рабіць, але толькі сёй-той. А асноўная маса — не, ужо выпрацавалася. Абсалютна гэтая рэформа бяз сэнсу! А хто ў пагонах, гэтым яшчэ можна рабіць. На звычайнай працы можна, хай не з пагонамі, але можна, гэта ўжо іншае пытаньне. Але хто рабіў за станком, у шахце, на „Азоце“, на іншай вытворчасьці — чалавек усё, ён выпрацаваўся да шасьцідзесяці год. Ён ужо ня можа рабіць больш».

«Навошта гэтая рэформа? Чалавек можа пэнсію атрымліваць і яшчэ дзесьці падпрацоўваць»

Спадар: «Так, ад шасьці да чатырнаццаці адсоткаў дабаўка, я чуў учора. Я б не хацеў. Ніводнаму чалавеку невядома, колькі яму засталося. Ён можа адпрацаваць яшчэ гады тры-чатыры — і ўсё, і ні разу пэнсію гэтую не атрымае. А так ён можа пэнсію атрымліваць і дзесьці падпрацоўваць, калі хоча. Усё абясцэньваецца. Тыя грошы, што людзі зарабляюць, іх трэба чым хутчэй выдаткоўваць. Няма чаго іх назапашваць, таму што любая валюта абясцэньваецца. І эўра, і расейскі рубель, і даляры. А тых грошай, якія мы атрымліваем, іх надоўга не хапае, так што нічога не ашчадзіш».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Нам патрэбная пэнсія нармальная, а не надбаўкі...»

Да ініцыятывы Лукашэнкі, каб схіліць людзей выходзіць на пэнсію як мага пазьней, стаўленьне ў Магілёве неадназначнае. Прапанову кіраўніка дзяржавы шмат хто ўспрымае як прыхаваную спробу падвысіць пэнсійны ўзрост.


Спадарыня: «Гэтая рэформа выгадная толькі будзе тым, хто стаіць пры ўладзе і атрымлівае вялікія грошы. У яго захоўваецца месца працоўнае, у яго захоўваецца ўлада, у яго захоўваецца заробак высокі. А што застаецца ў простага чалавека? Сілы ж ужо ня тыя, каб працаваць».

Спадарыня: «Атрымліваецца, што чалавеку прапануюць папрацаваць, а ў пэрспэктыве будзе нейкае падвышэньне пэнсіі. Але чалавек жыве сёньня, і яму сёньня патрэбныя грошы. Заўтра могуць яны яму не спатрэбіцца. Людзі на такое ня пойдуць».

Спадар: «У іх выхаду няма. Яны думаюць, што выгадна ім. Многа людзі ад гэтага ня выйграюць. Калі я адпрацаваў на шкоднай вытворчасьці, я павінен быў ісьці на пэнсію ў 55 гадоў, а цяпер — ня ведаю калі. Нам патрэбная пэнсія нармальная, але не надбаўкі. Тое, што шмат пэнсіянэраў, дык гэта ж ня наша віна, што моладзь зьяжджае. Вунь на заводах ад 50 да 60 гадоў сядзяць».

Спадарыня: «Хто здаровы, няхай працуе. Вось паканчаюць дзеці што-небудзь — і не ўладкавацца праз гэтых пэнсіянэраў».

Спадарыня: «Многія жанчыны ў 55 гадоў ужо і сіл ня маюць працаваць. Некаторыя працуюць і да 70 гадоў. Гэта ж усё залежыць ад здароўя».

Спадарыня: «Ды не, хай да гэтага ўзросту людзі дапрацуюць. І так вось людзі паміраюць, не дажываючы да пэнсіі. Лепш я пайду на пэнсію і, калі змагу, падпрацую дзе-небудзь. Але я за тое, каб людзі ішлі на пэнсію — жанчыны ў 55, а мужчыны ў 60 гадоў».

Спадар: «Я адмоўна да гэтага стаўлюся. У нас такая працягласьць жыцьця, што многія той пэнсіі не пабачаць».

Карэспандэнт: «Тым часам міліцыя на пэнсію выходзіць у 45 гадоў?»

Спадар: «Яны ж гэтую ўладу ахоўваюць, таму ім і ільготы такія».

Камэнтар «Свабоды»:

Адзін зь лідэраў незалежных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Бухвостаў лічыць: «Будучая высокая пэнсія — гэта прывід Лукашэнкі».


«Спадзяваньні на тое, што праз 5–6 гадоў беларуская пэнсія будзе большая — гэта прывід. Аднак цяперашняя ўлада выкарыстоўвае такі папулізм, каб у складанай эканамічнай сытуацыі захаваць пэнсійны фонд. Ну, уявім сабе, што сапраўды нейкая эканомія фонду будзе з-за таго, што пэўная колькасьць людзей пэнсійнага веку ня будуць атрымліваць грашовую пэнсію. Але гэта толькі на нейкі пэрыяд. А далей невядома што будзе — дзяржава ў нас нестабільная...»

Дэмакратычны актывіст з Капыльскага раёну Віктар Дашкевіч лічыць, што Аляксандар Лукашэнка найперш дбае пра сваіх чыноўнікаў:

«У апараце Капыльскага райвыканкаму цяпер — палова пэнсіянэраў. Яны атрымліваюць па 5–6 мільёнаў рублёў заробку і плюс яшчэ 75% ад гэтага заробку пэнсіі. Вось няхай Лукашэнка адправіць такога „дарагога“ спэцыяліста на пэнсію, а на яго месца возьме маладога, які мае адукацыю, але туляецца бяз працы.

У райвыканкаме працуюць і былыя супрацоўнікі міліцыі, якія таксама атрымліваюць пэнсіі — дай бог кожнаму, а цяпер яны яшчэ наганяюць працоўны стаж, каб атрымаць пэнсію дзяржслужачага й пасьля выбраць зь дзьвюх пэнсіяў тую, якая большая... І сельсаветы тут узначальваюць таксама былыя міліцыянты... Вось дзе трэба глядзець бюджэт і шукаць сродкі для эканоміі...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG