Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Осла абмяркуюць стан правоў чалавека ў Беларусі


22 сакавіка ў Нарвэгіі пройдзе аднадзённая міжнародная канфэрэнцыя па правах чалавека. Яе назва — «Belarus Action».

У імпрэзе плянуецца ўдзел генэральнага сакратара Парлямэнтскай асамблеі Рады Эўропы Турб’ёрна Ягланда, кіраўніка нарвэскага ПЭН-цэнтру Ўільяма Нюгарда, а таксама намесьніка міністра замежных спраў Нарвэгіі Ларсэна Торгейра.

Удзельнікі зь беларускага боку: кіраўнік парталу «TUT.ВY» Юры Зісер (ягоны ўдзел яшчэ не пацьверджаны), праваабаронца з цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка, рэдактарка сайту «Хартыя’97» Натальля Радзіна, літаратар Адам Глобус, журналіст Павал Шарамет, экс-кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Алесь Міхалевіч, грамадзкі актывіст, былы палітвязень Андрэй Кім.

У працы канфэрэнцыі таксама будзе ўдзельнічаць Андрэй Грынкевіч, амбасадар Беларусі ў Швэцыі, Даніі і Нарвэгіі. Ягоны даклад называецца «Як мы вырашаем нашы праблемы правоў чалавека».

Пра маючую адбыцца канфэрэнцыю ў Осла беларускім журналістам паведаміў Андрэс Хэркель — спэцдакладчык па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Хэркель таксама возьме ўдзел у гэтай канфэрэнцыі.

Андрэс Хэркель

Андрэс Хэркель

У інтэрвію беларускім журналістам Хэркель заявіў, што размаўляў зь сястрой расстралянага Ўладзіслава Кавалёва Тацянай. «Я крытычна стаўлюся ня толькі да сьмяротнага пакараньня, але і да самой гэтай справы. Гэтая справа выклікае шмат сумненьняў», — заявіў Хэркель на сустрэчы зь беларускімі журналістамі.

Андрэс Хэркель — эстонскі палітык і дэпутат парлямэнту. Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прызначыў кіраўніка эстонскай дэлегацыі Андрэса Хэркеля асноўным дакладчыкам па Беларусі ў 2011 годзе. Хэркель — дэпутат парлямэнту Эстоніі чатырох апошніх скліканьняў. Ад 2003 году ўваходзіць у склад эстонскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. А ў 2005–2008 гадах Андрэс Хэркель ачольваў падкамітэт Асамблеі па Беларусі.

Інтэрвію Андрэса Хэркеля


— Калі можна, ваш прагноз: якое рашэньне будзе прынятае ў Брусэлі 23 сакавіка і ці будзе надалей узмацняцца жорсткасьць санкцыяў супраць Беларусі?

— Я думаю, што Эўропа павінна прытрымлівацца ранейшай пазыцыі ў дачыненьні да Беларусі. Апошняе сьмяротнае пакараньне — сыгнал таго, што ўлады Беларусі і Лукашэнка не зьбіраюцца прызнаваць асноўныя каштоўнасьці ўвогуле. Па-мойму, гэта значыць, што Эўропа мусіць рэагаваць больш рашуча. Я б сказаў, што ўсе, хто выступаў за санкцыі супраць Беларусі, сумняваліся і меркавалі, што, можа, мякчэйшыя мэтады будуць дзейнічаць. Але, на жаль, гэтага пакуль не было.

— Які будзе выхад з сытуацыі?

— Шчыра кажучы, мы гэтага чакалі ўжо пятнаццаць гадоў. Я мяркую, што пятнаццаць гадоў у гісторыі — не такі час, каб прыходзіць у адчай. Выйсьце будзе.

— Але ж пятнаццаць гадоў — гэта цэлае пакаленьне...

— Гэта палова пакаленьня. Канечне, гэта зашмат. Але нельга думаць у такой сытуацыі, што гэта будзе доўжыцца вечна. Тое, што адбываецца ў беларускім грамадзтве, — ненармальна, і раней ці пазьней сытуацыя зьменіцца.

— Такое гіпатэтычнае пытаньне, асабліва калі ўлічыць, што вы — неўязны ў Беларусь: калі б у вас была сустрэча з Лукашэнкам, адна хвіліна, — што б вы яму сказалі?

— Я б паўтарыў сваю пазыцыю, якую ўжо выказаў раней — у дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі і тых рэкамэндацыяў, якія былі прынятыя. У палітыцы трэба быць аптымістам: калі нават ёсьць тры месяцы да выбараў, дык зьмяніць палітычны клімат у такой дзяржаве з рэформамі магчыма. І гэта трэба зрабіць.

— То бок вы ўсё ж больш за дыпляматычныя мэтады, чым за жорсткія санкцыі?

— Санкцыі павінны зьвярнуць увагу на тое, што адбывалася: і ў дачыненьні да сьмяротнага пакараньня, і ў дачыненьні да таго, што былыя кандыдаты на пост прэзыдэнта дасюль зьняволеныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG