Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютны мінімум году: за кошт чаго ўмацоўваецца рубель


Упершыню ад леташняга кастрычніка, калі рынкавы курс беларускага рубля пачаў вызначацца па выніках таргоў на адзінай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы, рубель умацаваўся да адзнакі меншай, чым 8000 за даляр.

Толькі адзінкавыя банкі купляюць амэрыканскую валюту па 8000, некаторыя ж абясцэнілі «зялёны» да 7900. Курс Нацбанку, усталяваны на 21 сакавіка, не нашмат большы — 8020. Што спрыяе ўмацаваньню рубля і якая пэрспэктыва чакае яго ў агляднай будучыні?

Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц лічыць, што стабільнаму становішчу нацыянальнай валюты спрыяе сэзонны фактар. Найперш, улады даюць магчымасьць аграрнаму сэктару падрыхтавацца да пасяўной кампаніі. Па-другое, роўна праз год пасьля пачатку фінансавага крызісу, вынікам якога стаў дэфіцыт асноўных замежных валют, насельніцтва дэманструе зусім іншую тэндэнцыю — нясе даляры ды эўра ў абменьнікі, каб папоўніць потым рублёвыя дэпазыты:

«Трэба казаць, што вялікі ўплыў сёньня на беларускі рубель мае сэзонны фактар. З аднаго боку, стартуе пасяўная, з другога — усё яшчэ высокія стаўкі на фінансавым рынку. Усё гэта прыводзіць да таго, што нейкіх вялікіх праблемаў зь ліквіднасьцю ў банкаўскай сыстэмы няма і рубель паступова ўмацоўваецца. Але трэба адзначыць, што ёсьць і яшчэ адзін фактар. Беларускія ўлады насамрэч пайшлі на пэўныя рэформы, у тым ліку скарацілі эмісійнае крэдытаваньне эканомікі. Гэтая акалічнасьць сёньня мае істотнае значэньне, бо Нацбанк не выдае эмісійных крэдытаў, а дзяржаўныя праграмы фінансуюцца толькі за кошт бюджэту. То бок пэўная дысцыпліна ў гэтым кірунку існуе, і таму можна канстатаваць, што гэта таксама прыводзіць да ўмацаваньня беларускага рубля».

Зь іншага боку, як кажа фінансавы аналітык Аляксандар Муха, ня факт, што падобная тэндэнцыя будзе мець месца і надалей. Звычайна адным з наступстваў той жа пасяўной бывае вялізная рублёвая эмісія, якая наўпрост уплывае на далейшае курсаўтварэньне. У такім выпадку насельніцтва і прадпрыемствы перастануць быць чыстымі прадаўцамі валюты і зноў кінуцца яе скупляць. Могуць паўплываць на вонкавую стабільнасьць і палітычныя працэсы:

«Нельга выключаць, што ва ўмовах прызначанай на восень кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў можа адбыцца абвастрэньне дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканьняў, і тады сытуацыя можа павярнуцца зусім інакш. То бок насельніцтва і прадпрыемствы зноў могуць стаць чыстымі пакупнікамі замежнай валюты, і ў гэтым выпадку наўрад ці цэнтральны банк будзе выдаткоўваць золатавалютныя рэзэрвы на падтрымку курсу беларускага рубля звыш тых сумаў, якія ён вызначыў у рамках бягучых інтэрвэнцый, калі падтрымліваў нацыянальную валюту — то бок прадаваў рублі і купляў валюту. Апроч таго, так ці інакш, у бліжэйшыя тры гады на плечы і ўраду, і Нацбанку лягуць значныя сумы выплаты зьнешняга доўгу».

Ужо сёлета беларускім уладам давядзецца зарэзэрваваць 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў на выплату працэнтаў па валавым зьнешнім доўгу і яшчэ 3 мільярды — на пагашэньне асноўнага доўгу па зьнешніх пазыках. Гэта роўна палова ад цяперашніх золатавалютных рэзэрваў, што ня можа не адбіцца на стабільнасьці ўсёй фінансавай сыстэмы дзяржавы.

Разам з тым, падкрэсьлівае эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, тэмпы эканамічнага росту на пачатку 2012 году будуць істотна саступаць аналягічнаму мінулагодняму пэрыяду, што можа падштурхнуць улады да ранейшай практыкі — зноў задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс:

«Хацелася б паглядзець, як сытуацыя будзе складвацца дзесьці ў траўні, а можа, і крыху раней. То бок калі мы ўжо будзем бачыць, як краіна перажыла першыя тры месяцы. Чаму гэта важна? Калі ў сакавіку-красавіку тэмпы эканамічнага росту будуць зьніжацца, гэта можа падштурхнуць улады да ўзнаўленьня, сярод іншага, эмісійнага крэдытаваньня эканомікі. У першай палове мінулага году тэмпы эканамічнага росту былі вельмі высокія: за студзень-травень 2011-га — ажно 12,5%. Можна з упэўненасьцю казаць, што на гэтым тле расьці надзвычай цяжка. І калі мы ўбачым зьніжэньне тэмпаў эканамічнага росту (а гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў першай палове гэтага году), то гэта можа падштурхнуць улады да карэктаваньня эканамічнай палітыкі, да стымуляваньня эканамічнага росту і, ужо як вынік, да зьмены курсу беларускага рубля».

На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 19 сакавіка быў зафіксаваны абсалютны мінімум году — 8000 рублёў за даляр. Пры тым, што ў кастрычніку 2011-га, калі пачала працаваць адзіная біржавая сэсія, даляр па выніках попыту і прапановы каштаваў 8600 рублёў.
XS
SM
MD
LG