Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам задаволіў заяўку арганізатараў: шэсьце і мітынг на Дзень Волі адбудзецца ў заплянаваным фармаце.

Удзельнікі акцыі зьбяруцца а 13.30 на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Адтуль накіруюцца па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор, дзе а 15 гадзіне павінен пачацца мітынг. Аднак ня ўсе хочуць ісьці на плошчу Бангалор.

На пасяджэньне Менгарвыканкаму былі запрошаныя сябры аргкамітэту Ўладзімер Колас, Віктар Івашкевіч і Аляксей Марачкін. Паводле спадара Коласа, сустрэча была цывілізаваная, прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх гарадзкіх службаў.

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

«Задаволілі ўсе пункты нашай заяўкі. Усё ў цывілізаваным, культурным духу прайшло. Абгаварылі рэглямэнт. Было выказана з абодвух бакоў нежаданьне ніякіх эксцэсаў, ніякіх правакацый. Я сказаў, што, безумоўна, галоўная мэта — гэта засьведчыць важнасьць для ўсіх беларусаў, для беларускай дзяржаўнасьці гэтай падзеі — 25 сакавіка.

Мы лічым, што гэтая дата павінна яднаць нас усіх. Для нас гэтае сьвяткаваньне мае сымбалічны, асьветніцкі характар. І, безумоўна, мы будзем казаць пра галоўныя праблемы, зь якімі сёньня сутыкаецца Беларусь. А праблемы вельмі небясьпечныя. Зноў над нашай краінай навісае пагроза інкарпарацыі. Народ, пазбаўлены ідэнтычнасьці, гістарычнай памяці і мовы, проста ня будзе на гэта адэкватна рэагаваць».

Міліцыянты паведамілі, што плошчу, дзе будзе праходзіць мітынг, абгародзяць турнікетамі, удзельнікаў мітынгу будуць прапускаць праз мэталашукальнікі. Паводле Коласа, гэта цяперашні рэглямэнт правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Міліцыянты папярэдзілі, што на акцыю не дазволена праносіць з сабой колючыя і рэжучыя прадметы ці выбуховыя прыстасаваньні. Аднак нацыянальную сымболіку праносіць можна. Паводле Коласа, мяркуецца стварыць дружыну, якая будзе ўзаемадзейнічаць з міліцыяй. Віктар Івашкевіч адзначыў:

Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

«Мітынг дазволены, і таму кожны чалавек можа прыйсьці зь бел-чырвона-белым сьцягам. І пра гэта адмыслова размаўлялі ў выканкаме, што ніякіх перашкодаў, у тым ліку ў выкарыстаньні нацыянальнай сымболікі, ня будзе. І можна спакойна прыходзіць а 13 гадзіне да Акадэміі навук і браць удзел у шэсьці».

Згодна з заяўкай, у акцыі возьмуць удзел да тысячы чалавек, хоць інфармацыйных улётак у горадзе амаль не заўважана. Віктар Івашкевіч адзначыў:

«Людзі, якіх стрымлівала боязь нейкіх пакараньняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, цяпер могуць быць спакойныя. Усё з уладамі ўзгоднена. Ніякіх перашкодаў сабрацца людзям на дазволеныя выканкамам шэсьце і мітынг няма. Застаецца толькі перамагчы ўласную ляноту, бо страх дзякуючы дазволу зьнікае. Натуральна, калі б былі сродкі, калі б рашэньне было прынятае не за пяць дзён, а раней, то можна было б больш актыўна правесьці інфармацыйную кампанію. Але зь іншага боку, я спадзяюся, што інфармацыя ў гэтыя чатыры дні, якая будзе распаўсюджаная пра гэты дазвол, дазволіць праінфармаваць тых людзей, якія ўсьведамляюць і што такое БНР, і якія мэты ставяць арганізатары».

Старшыня інфармацыйнай камісіі КХП БНФ Валеры Буйвал заявіў, што сябры ягонай партыі ня будуць браць удзел у «бангалорскіх акцыях».

Валеры Буйвал

Валеры Буйвал

«Бангалор — гэта ганебнае месца для выгулу сабак. Там павінны сабакі хадзіць, а ня людзі. Тым больш на бангалорскім сабачніку, на бангалорскім балоце ня можа сьвяткавацца галоўнае нацыянальнае сьвята — Дзень Волі. Тыя, хто атрымаў дазвол ад антыбеларускай улады на гэтае абсурднае псэўдасьвяткаваньне — гэта ёсьць псэўдаапазыцыя, якая зьяўляецца арганічнай часткай антыбеларускага рэжыму».

Спадар Буйвал паведаміў, што сябры КХП БНФ падавалі заяўку на правядзеньне сьвяточнага мітынгу ў сквэры каля кінатэатру «Кіеў», аднак адказу ад уладаў пакуль няма.

«Незалежна ад адказу ўладаў, незалежна ад рэакцыі рэжыму, дазволу не чакаем, будзем заклікаць людзей сьвяткаваць гэты наш вялікі дзень».

Актывіст «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка таксама сказаў,што маладафронтаўцы ня пойдуць на плошчу Бангалор, але заклікаюць прыйсьці да Акадэміі навук.

Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка

«Пазыцыя Менгарвыканкаму для нас нечаканая. Але вельмі рады, што акцыю дазволілі. Вельмі добры шанец для беларусаў за апошнія паўтара года пасьля Плошчы сабрацца на нармальную акцыю, бяз страху. І мы ўсіх заклікаем і рады бачыць ля Акадэміі навук».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG