Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ААН: Расстрэлам Кавалёва Беларусь парушыла міжнародныя абавязаньні


Камітэт па правах чалавека ААН заявіў, што беларускія ўлады парушылі свае абавязаньні перад міжнароднай супольнасьцю, расстраляўшы Ўладзіслава Кавалёва да разгляду ягонай пэтыцыі ў ААН.

«Пазыцыя Камітэту па правах чалавека ясная — Беларусь дапусьціла сур’ёзнае парушэньне сваіх юрыдычных абавязаньняў, выконваючы сьмяротны прысуд ў адносінах да спадара Кавалёва», — заявіла старшыня Камітэту Зонкэ Занэле Маёдына.

«І гэта адбылося ўжо ня першы раз — у 2010 і 2011 гадах у краіне таксама выканалі сьмяротныя прысуды ў адносінах да асобаў, чые справы былі пададзеныя на разгляд Камітэту. Мы асуджаем гэтыя грубыя парушэньні абавязаньняў Беларусі ў сфэры правоў чалавека», — дадала яна.

Пасьля суду Уладзіслаў Кавалёў зьвярнуўся з просьбай у Камітэт па правах чалавека ААН разгледзець ягоны сьмяротны прысуд, сьцьвярджаючы, што судовы працэс быў несправядлівы, а ён сам прызнаў сваю віну пад прымусам.

Нягледзячы на расстрэл Кавалёва, Камітэт па правах чалавека ААН мяркуе разгледзець пададзеную ім пэтыцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG