Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пазбавіць Беларусь чэмпіянату па хакеі могуць ужо ў траўні


Як паведамляе зь Цюрыху нямецкае агенцтва DPA, Міжнародная фэдэрацыя хакею з шайбай (IIHF) не выключае, што Беларусі адмовяць у правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі-2014.

На маючым адбыцца ў траўні ў Хэльсынкі кангрэсе фэдэрацыі 70 нацыянальных зьвязаў хакею з шайбай абмяркуюць усе «за» і «супраць» што да правядзеньня першынства ў краіне, якую называюць «апошняй дыктатурай Эўропы.

Заява зробленая пад ціскам уплывовых эўрапейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія лічаць недапушчальным ладзіць такое спартовае сьвята ў краіне, дзе парушаюцца правы і свабоды чалавека, у тым ліку права на жыцьцё.

Раней, перш чым зь Менску прыйшлі весткі пра расстрэл абвінавачаных у тэракце ў менскім мэтро Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, IIHF заявіла, што рашэньне пра чэмпіянат сьвету ў Менску будзе прынята сёлета ўвосень. Пры гэтым было падкрэсьлена, што IIHF — арганізацыя самастойная і непалітычная.

Тым часам з боку кіраўнікоў асобных нацыянальных фэдэрацыяў, адзначаюць славацкія СМІ, можна пачуць, што яны «ня хочуць зьмешваць спорт з палітыкай», што «хакей вельмі папулярны ў Беларусі, а прэзыдэнт краіны вядомы сваёй любоўю да гэтага віду спорту»

У размове з DPA кіраўнік нямецкай фэдэрацыі Увэ Гарнас адмовіўся камэнтаваць «беларускае пытаньне» і апошнюю заяву IIHF: маўляў, «рашэньне павінен прыняць найвышэйшы орган IIHF — Кангрэс».

«Некалькі гадоў таму пастановаю IIHF Нямеччына выграла ў Беларусі права праводзіць чэмпіянат сьвету-2010. Аднак гэта ніяк не было зьвязана з палітычнай сытуацыяй у былой савецкай рэспубліцы», — адзначыў Увэ Гарнас.

Тым часам з ініцыятывы некаторых дэпутатаў Эўрапарлямэнту, сярод якіх і колішняя зорка хакею, славак Пэтэр Шцястны, у інтэрнэце зьбіраюць подпісы за адмену першынства ў Менску. На сёньня падпісаліся 3700 чалавек з розных краінаў сьвету.
XS
SM
MD
LG