Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевая суполка «Зьвяз» прапануе землякам у Дзень Волі апрануцца ў колеры нацыянальнага сьцяга або прычапіць на грудзі бел-чырвона-белыя стужкі ці значкі.

«Гэта ня будзе нейкай адмысловай акцыяй: мы проста прапануем жыхарам Воршы нейкім чынам пазначыць сябе — калі Дзень Волі 25 сакавіка мы лічым значнай датай у гісторыі Беларусі. Мы не заклікаем сабрацца ў пэўны час у нейкім месцы. Апрануўшы, прыкладам, белую куртку і чырвоны шалік, можна проста прайсьці па горадзе, выйсьці так у краму або па нейкіх справах», — апавёў аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак.

Ён дадаў, што пасьля зьяўленьня прапановы «Зьвязу» на мясцовым незалежным сайце orsha.eu , а таксама ў сацыяльных сетках, інтэрнэт-карыстальнікі з розных рэгіёнаў Беларусі пачалі дасылаць замовы — каб ім даслалі бел-чырвона-белыя стужкі або значкі.

Таму Ігар Казьмярчак не выключае, што аршанская ініцыятыва распаўсюдзіцца шырэй:

«Мы прапанавалі сваю дапамогу — што вырабім і распаўсюдзім пэўную колькасьць стужак. Але толькі ў Воршы — забясьпечыць усіх ахвотных мы проста ня ў стане. Аднак і зрабіць тыя ж стужкі ці нейкія значкі — не праблема. У сацыяльных сетках, верагодна, бліжэйшымі днямі мы разьмесьцім нашы парады, завядзем рубрыку «зрабі сам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG