Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся беларускі тыдзень


Амбасадар Эдмінас Багдонас, прарэктар ЭГУ Дарус Удрыс, Станіслаў Шушкевіч

Амбасадар Эдмінас Багдонас, прарэктар ЭГУ Дарус Удрыс, Станіслаў Шушкевіч

19 сакавіка ў будынку Віленскага гарадзкога самакіраваньня распачаўся «Беларускі тыдзень». Першым яго мерапрыемствам стала выстава маладой мастачкі Тацяны Дзянісавай «Сны і рэальнасьць», паведамляе прэсавая служба моладзевай асацыяцыі «StudAlliance» са спасылкай на ru.DELFI.lt.

Мэр Вільні Артурас Зуокас, які наведаў выставу, падкрэсьліў сымбалічнасьць назвы: «Я спадзяюся, што незалежнасьць і свабода ў Беларусі стануць ня толькі сном, але і рэальнасьцю».

Старшыня Камітэту па замежных справах Сойму Літвы Эмануэліс Зінгерыс сказаў: «За бел-чырвона-белы сцяг чалавек сядзіць у турме і знаходзіцца пры смерці. Я думаю, у беларусаў ёсьць масавая падтрымка сярод літоўскай інтэлігенцыі, якая бачыць у дзеяньнях сучасных уладаў прыгнёт беларускага народу».

На адкрыцьці «Беларускага тыдня» таксама прысутнічалі амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, дыпляматы з амбасадаў Чэхіі і Польшчы, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнікі беларускай дыяспары. Удзельнічалі і сябры моладзевай асацыяцыі StudAlliance, студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Арганізаваны дэмакратычнай супольнасьцю пры падтрымцы віленскага гарадзкога самакіраваньня «Беларускі тыдзень» адбудзецца з 19 па 25 сакавіка 2012 года.

У сераду, 21 сакавіка ў парлямэнце Літвы пройдзе круглы стол, прысьвечаны тэме эўрапейска-беларускіх узаемадачыненьняў на сучасным этапе.

23 сакавіка, у пятніцу, адкрыецца выстава «Невядомая БНР». Першая частка адбудзецца аб 11.00 у Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы, а другая — а 13.00 у будынку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Урачысты прыём і сьвяточны канцэрт з нагоды Дня волі пройдзе ў Віленскай Ратушы ў суботу, 24 сакавіка, а 15.00. У нядзелю а 12 гадзіне заплянаванае ўрачыстае ўскладаньне кветак да магілаў заснавальнікаў БНР. Завяршае мерапрыемствы «Тыдня» супольны аўтапрабег пад нацыянальнымі беларускімі і літоўскімі сьцягамі.
XS
SM
MD
LG