Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыйшоў па пасьведчаньне кіроўцы — даведаўся, што ў вышуку


Бабруйскі прадпрымальнік, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі Беларускага хрысьціянская дэмакратыя Вячаслаў Шэлег абвешчаны ў вышук.

Пра гэта спадар Шэлег даведаўся, калі прыйшоў у Дзяржаўтаінспэкцыю па новае пасьведчаньне кіроўцы. Як высьветлілася яго віна ў тым, што ён нібыта не прайшоў дактыляскапію.

Напачатку сакавіка Вячаслаў Шэлег напісаў зварот, у якім прасіў патлумачыць, ці сапраўды ён у вышуку.

Шэлег: «12 сакавіка ў Бабруйскім упраўленьні ўнутраных спраў я атрымаў паведамленьне, што сапраўды ў вышуку. У міліцыянта запытаў: «Дык, што вы мяне будзе затрымліваць. Той адказаў, што ня будзем». Дык, што ж гэта за вышук такі, пытаю. А ён мне: «Такі вышук». У мяне цяпер сумневы наконт таго, ці здолею я выехаць па-за межы Беларусі, бо я знаходжуся ў вышуковай базе. Калі будуць канікулы ў дзяцей, то праверу. Мы выяжджаем на адпачынак ва Ўкраіну.

Існуюць жа сьпісы тых, якіх называюць «нядобранадзейнымі» і якія на кантролі. І калі паўстае нейкая сытуацыя іх пачынаюць церабіць. Паведамленьне пра тое, што я знаходжуся ў вышуку я павесіў у рамку. Сябры прыходзяць і жахаюцца. «Вось кажу: «Уся краіна мяне шукае».

Актывіст сьцьвярджае, што адбіткі пальцаў даваў яшчэ ў 2008 годзе, але іх згубілі. Пра тое стала вядома ад міліцыянтаў, якія толькі аднойчы за тры гады прасілі Шэлега зноў прыйсьці на дактыляскапію. Паводле актывіста ў лютым ён атрымліваў новы пашпарт і прэтэнзіяў да яго не было.

Вячаслаў Шэлег балятаваўся ў 2010 годзе ў Магілёўскі аблсавет па Кіраўскай выбарчай акрузе. Атрымаў пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты. Пісаў скаргі на выяўленыя факты парушэньняў выбарчага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG