Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пад пільнай увагай IIHF


Бойка беларускіх і дацкіх хакеістаў на Чэмпіянаце сьвету ў Кёльне, 2010

Бойка беларускіх і дацкіх хакеістаў на Чэмпіянаце сьвету ў Кёльне, 2010

У сувязі з жорсткай крытыкай Менску з боку эўрапейскіх палітыкаў ды грамадзкасьці ёсьць рэкамэндацыі абмеркаваць «плюсы і мінусы месца правядзеньня ЧС-2014» яшчэ на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі па хакеі ў Хельсынкі ў траўні.

Пра гэта піша нямецкае выданьне Weser-Kurier. Газэта адзначае, што ў сувязі з жорсткай крытыкай Менску з боку эўрапейскіх палітыкаў ды грамадзкасьці ёсьць рэкамэндацыі абмеркаваць «плюсы і мінусы месца правядзеньня ЧС-2014 усё ж на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі па хакеі ў Хельсынкі ў траўні. Пытаньне Беларусі як гаспадыні ўсясьветнага першынства мае быць пад пільнай увагай IIHF.

Апошнімі кроплямі, якія, як кажуць, «перапоўнілі чару», сталі спрэчныя расстрэлы абвінавачаных у тэракце маладых беларусаў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Сярод тых палітыкаў, хто гэтымі днямі зьвярнуўся з заклікам да IIHF, стаў кіраўнік «Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў» у Эўрапарлямэнце Ганэс Свобада.

«Я заўсёды скептычна стаўлюся да палітызацыі спорту, аднак мы ня можам не ўмяшацца ў пытаньне правядзеньня першынства ў Беларусі, калі ў гэтай краіне нічога ня зьменіцца», — заявіў аўстрыйскі палітык.

Тым часам кіраўнікі нацыянальных фэдэрацыяў пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў.

«Калі на Кангрэсе будзе ўзьнятае пытаньне адносна Беларусі, то Нямеччына, зразумела ж, будзе ўдзельнічаць у яго абмеркаваньні, заявіў кіраўнік нямецкага Зьвязу па хакеі з шайбай Увэ Гарнас. Пры гэтым Гарнас адзначыў, што спорт — гэта «сродак разуменьня» і што трэба «апалітычна глядзець на спартовыя мерапрыемствы».

Прэзыдэнт нямецкай фэдэрацыі не пажадаў выказаць меркаваньне адносна плюсоў і мінусаў чэмпіянату ў Менску.

Як адзначае Weser-Kurier, у выпадку дэбатаў па «беларускім пытаньні» падчас кангрэсу разам з пытаньнем «мэтазгоднасьці правядзеньня першынства ў Менску», будзе абмеркаванае і пытаньне адносна слушнасьці выкарыстаньня спорту ў якасьці палітычнага інструмэнту.
XS
SM
MD
LG