Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — адзіная дзяржава ў Эўропе, дзе выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад 1989 году ў Беларусі расстраляныя 328 чалавек.

Пакаранымі аказваюцца ня толькі асуджаныя, але і іхныя сем’і. Ім не аддаюць цела расстралянага і не называюць месца ягонага пахаваньня.

Пра лёсы асобных сем’яў, у якіх сваякі былі пакараныя сьмерцю паводле прысудаў беларускіх судоў — паведамленьні рэгіянальных карэспандэнтаў «Свабоды».

МЕНШЧЫНА


Тры гады таму (у лютым 2009 году) у Салігорскім раёне быў учынены разбойны напад на супрацоўнікаў сельгаскаапэратыву «Бальшавік-агра», якія перавозілі грошы для выплаты заробку. Забілі эканаміста і вадзіцеля. Вінаватымі ў забойстве Мінскі абласны суд прызнаў двух жыхароў Салігорскага раёну. Адзін зь іх, 25-гадовы Андрэй Жук, быў асуджаны да вышэйшай меры пакараньня — расстрэлу.

Андрэя Жука расстралялі 18 сакавіка 2010 году. Раней яго маці Сьвятлана Жук спрабавала пераканаць іншых, што ён не вінаваты і нікога не забіваў. Цяпер ёй застаецца толькі плакаць.

«Пакутуеш ад таго, што нават ня ведаеш, дзе магілка сына...»

«Так, няхай яго расстралялі і яго ўжо няма. Ён у магіле ляжыць, як гаворыцца, спакойна. А нам жа гэтыя пакуты на ўсё жыцьцё. І пакутуеш ад таго, што нават ня ведаеш, дзе магілка сына... І няможна ж прыйсьці, пакланіцца нават у якое-небудзь сьвята: ні ў дзень яго нараджэньня, ні ў дзень сьмерці, ні ў Вялікдзень, ні на Радаўніцу...

Іншы раз едзеш, а ля дарогі стаіць шмат крыжоў, а ля іх — пахавальныя вянкі. Тады ўзьнікаюць думкі, што чалавек вось разьбіўся на дарозе, і ў яго ёсьць магілка... А чаму я не магу прыйсьці на магілу свайго сына? Гэта вельмі жорстка ў адносінах да блізкіх...

Юрыст Раман Кісьляк зь Берасьця ўдакладняе, што ён дагэтуль дапамагае Сьвятлане Жук атрымаць ад Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праўдзівыя зьвесткі, дзе пахаваны асуджаны на сьмерць яе сын:

«У Беларусі яшчэ трывалы юрыдычны фармалізм»

«Для мяне таксама незразумелае пытаньне, чаму ўлады ня могуць аддаць родным цела ці паведаміць, дзе знаходзіцца магіла іх роднага чалавека. Зыходзячы з пэўных чалавечых каштоўнасьцяў, я гэтага не разумею. А патлумачыць можна хіба існуючым да гэтага часу ў Беларусі юрыдычным фармалізмам, ці правілам яшчэ з савецкага часу, калі над расстралянымі і іх сямейнікамі існавала максымальная ўлада дзяржавы. І калі да сёньня ўлады не зьмяняюць такую практыку, то, значыць, камусьці выгадна яе захоўваць».

Незалежны юрыст Раман Кісьляк паведамляе, што Сьвятлана Жук зьвярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека, і таму справа гэтая яшчэ не спыненая:

«Так, скарга афіцыйна зарэгістраваная. Акрамя таго, у камітэце ААН знаходзяцца таксама скаргі ад сем’яў расстраляных раней у Беларусі Васіля Юзапчука, Алега Грышкаўцова, Андрэя Бурдыкі. Іх справы таксама яшчэ доўжацца...»

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Расстраляныя бязь вестак

Амаль чатыры гады таму ў гомельскія ЗАГСы пачалі прыходзіць дакумэнты пра расстраляных удзельнікаў бандыцкай групоўкі Сяргея Марозава. Разам зь лідэрам групоўкі паводле выраку суду былі расстраляныя й ягоныя памагатыя Ігар Данчанка й Валер Гарбаты. Аднак рэгістрацыйныя службы толькі выпісвалі сваякам даведкі пра факт сьмерці, а нічога больш не паведамлялі — ні пра дату выкананьня сьмяротнага прысуду, ні пра месца пахаваньня. Не выдае сваякам дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў і целы расстраляных.

Адзін з адвакатаў, знаёмы з «марозаўскай справай», кажа, што ў Беларусі выкананьне сьмяротнага пакараньня на падставе судовых выракаў — дзяржаўная таямніца:

«Гэта трымаецца ў сакрэце — месца пахаваньня. Гэта як бы дзяржаўная таямніца. Канечне, атрымліваецца негуманна. Месца пахаваньня й парадак выкананьня выраку — таямніца, і ніхто нічога ня ведае».

Адвакат згадвае, што ў Эўропе на сьмяротнае пакараньне ўведзены мараторый. А вось у некаторых амэрыканскіх штатах пры выкананьні сьмяротнага пакараньня сваякам дазваляецца прысутнічаць.

Пра таямніцу выкананьня пакараньняў у Беларусі распавёў хіба толькі былы начальнік Менскага СІЗА Алег Алкаеў у кнізе «Расстрэльная каманда».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Наша грамадзтва не даруе ня толькі забойцам, але і іх блізкім»

Блізкія і родныя гарадзенцаў, якіх пакаралі сьмерцю, жывуць вельмі адасоблена, суседзі і шмат хто са знаёмых не падтрымліваюць зь імі сувязяў.


Летам мінулага году былі пакараныя сьмерцю гарадзенцы Андрэй Бурдыка і Алег Грышкаўцоў. Іх асудзілі за забойства трох чалавек. Хацелі абрабаваць кватэру і забілі гаспадыню, яе цесьця і суседку. Пасьля ўсяго забралі з кватэры 11-гадовае дзіця. Гэта ім потым кваліфікавалі як крадзеж падлетка групай асобаў.

«Бацькі злачынцаў спадзяваліся, што суд усё ж ня вынесе сьмяротнай кары»

Паводле праваабаронцы Рамана Юргеля, які ўвесь час сачыў за судовым працэсам і падтрымліваў кантакты з роднымі падсудных, бацькі Бурдыкі і Грышкаўцова адразу апынуліся нібы ў вакуўме: зь імі перасталі вітацца суседзі і блізкія, яны таксама ні з кім не кантактавалі, адмаўляліся гутарыць з журналістамі.

Гэтая сытуацыя, са слоў Юргеля, хоць мінуў ужо год, засталася нязьменнай. Праўда, праваабаронца распавядае: падчас суду першай інстанцыі бацькі злачынцаў спадзяваліся, што суд усё ж ня вынесе сьмяротнай кары.

Калі справа разглядалася ў другой судовай інстанцыі, бацькі пачалі завальваць суд скаргамі, бо зразумелі, што прысуд ня зьменяць.

Юргель: «У РАУС мелі месца выклікі хуткай дапамогі для Алега Грышкаўцова. Яму калолі анальгін і абязбольвальныя. Бацькі палічылі, што іх сына катавалі».

Расстрэл у 2007-м быў выкананы ў вельмі кароткі тэрмін

У 2007 годзе быў пакараны сьмерцю былы міліцыянт Гарадзенскага райаддзелу дэпартамэнту аховы Аляксандар Сяргейчык. Яго зьвінавацілі ў забойствах 11 дзяўчат і аднаго хлопца, насільлі і крадзяжы маёмасьці. Прыгавор тады быў зьдзейсьнены ў максымальна кароткі тэрмін — тры месяцы.

Афіцыйна ніякага тлумачэньня на гэты конт не прагучала, але сярод гарадзенцаў пачалі гаварыць, што Сяргейчык стаў выкрываць іншыя злачынствы, учыненыя ягонымі калегамі.
XS
SM
MD
LG