Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла пра невыязных: нас пазбаўляюць магчымасьці абскарджваньня


Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін спрабуюць высьветліць, зь якой прычыны іх уключылі ў сьпіс невыязных. Іншыя невыязныя апазыцыянэры шукаюць тых, хто прыняў такое рашэньне. Гары Паганяйла кажа, што абскарджваньне дзеяньняў улады ў судзе можа зацягнуцца на месяцы.

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін, якіх не пусьцілі ў Вільню беларускія памежнікі, трапілі ў Эўразьвяз праз расейска-латыскую мяжу. А дахаты вярталіся празь мяжу польска-беларускую, Палітыкі прайшлі звычайны дагляд, ім аддалі пашпарты без усялякіх адзнакаў. Сёньня Лябедзька наведаў аддзел грамадзянства і міграцыі Савецкага РУУС, але ня змог даведацца, на якой падставе ён занесены ў сьпіс невыязных:

«Як толькі я зайшоў, дык уся кампутарная сетка ляснулася. Мы перанесьлі нашу сустрэчу на заўтра. Мы прызвычаіліся да ўсяго і ўсялякага, але гэта ўжо настолькі нахабна і бессаромна, што, як мінімум, трэба сабраць нейкія паперы, каб даведацца, чаму было прынятае такое рашэньне. Я ня маю аніякай запазычанасьці перад дзяржавай, перад Аляксандрам Лукашэнкам і яго атачэньнем. Гэта азначае, што я буду выяжджаць, заяжджаць і гэта не паўплывае на мае пляны. Крыху больш патрачу на гэта часу, высілкаў, але ўсё ж буду гэтаму процістаяць».

Сяргей Калякін пакуль не высьвятляў, чаму яму забаронены выезд за мяжу, бо «мае больш важныя справы». Але паабяцаў абскардзіць такія дзеяньні ўладаў.

«Гэта абсалютна незаконныя дзеяньні, бо грамадзяніну краіны ня можа быць забаронены ўезд і выезд. Гэта супярэчыць Канвэнцыі аб правах чалавека і Пакту аб грамадзянскіх правах, пад якім стаіць подпіс Рэспублікі Беларусь. Можа быць абмежаваны ўезд грамадзяніну іншай дзяржавы. І гэта дзяржавы робяць, і тая ж Беларусь робіць. У Эўразьвязу ёсьць абмежаваньні па ўезьдзе беларускіх чыноўнікаў. Гэта ўсё можа быць. Але самому грамадзяніну ня можа быць забаронены ўезд і выезд з Рэспублікі Беларусь. Толькі калі чалавек знаходзіцца пад крымінальнай справай, ёсьць выключэньні. Але нічога гэтага адносна мяне не было. Па іншых асобах там выдуманыя нейкія падставы. Гэта ўсё незаконныя дзеяньні».

Праваабаронцу Андрэю Бандарэнку ў аддзеле міграцыі сказалі, што яму абмежаваны выезд нібыта за ўхіленьне ад прызыву. Сёньня ён зьвярнуўся ў Кіраўскі ваенкамат Магілёўскай вобласьці. Яму там сказалі, што ня маюць ніякіх прэтэнзій:

«Мне адказалі, што ніякіх паведамленьняў мне не дасылалі, ніхто мяне на вайсковую службу не прызываў. Мне сказалі, што мой прызыўны ўзрост скончыўся 11 гадоў таму. Там не змаглі пракамэнтаваць, чаму мне абмежавана права на выезд. Мне сказалі, што я зноў павінен зьвярнуцца ў аддзел грамадзянства і міграцыі, дзе мне сказалі, што толькі канстатуюць сам факт».

Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, існуе некалькі працэдур, каб абскардзіць абмежаваньне на выезд. Аднак для гэтага трэба «бамбардаваць установы, каб вырваць патрэбныя даведкі». Ён накіраваў запыты ў Мін’юст, у Вышэйшы гаспадарчы суд і ў МУС.
мы пакуль ня маем ніякіх зьвестак, якія органы прынялі гэтае рашэньне, у якім парадку, на якіх падставах. А з чым пайсьці ў суд па абскарджваньні?

«У нас цэлая сыстэма можа быць абскарджваньняў, але нас пазбаўляюць і гэтай магчымасьці. Бо мы пакуль ня маем ніякіх зьвестак, якія органы прынялі гэтае рашэньне, у якім парадку, на якіх падставах. А з чым пайсьці ў суд па абскарджваньні? Я ж павінен указаць на зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы, якія прымалі рашэньні. Яны будуць адказчыкамі па такіх справах і скаргах. Іначай суд ня прыме справу да разгляду. Альбо пачнецца потым валакіта. І гэтая кругаверць можа цягнуцца працяглы час».

Паводле Паганяйлы, прычына, чаму яго ўнесьлі ў сьпіс невыязных, «абсалютна не адпавядае сапраўднасьці». Ён кажа, што ня мог праходзіць ні па якіх справах аб банкруцтве. І нідзе ніякім судом не прызнаваўся даўжніком ці зацікаўленай асобай на баку даўжніка.

«Таму гэта проста шэраговая фальсыфікацыя, нядобрасумленныя дзеяньні ўладаў, амаральныя. Гэта проста зьдзек з фактаў. Гэта маразм. Калі ім не падабаецца, што тыя, хто патрабуе санкцыяў, абавязаныя несьці адказнасьць перад дзяржавай за выказваньне сваёй думкі і нас павінны за гэта караць, дык няхай караюць тымі інструмэнтамі і на тых падставах, якія ёсьць у законе. А не высмоктваюць з пальца і не прыдумляюць нешта. І вось такой сваволяй спрабуюць нас пакараць. Хоць я не лічу гэта пакараньнем, бо магу яго абагнуць з усіх бакоў і ўсё роўна зрабіць сваю справу».
XS
SM
MD
LG