Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піраміда развалілася, але пацярпелыя ня скардзяцца


Камітэт дзяржбясьпекі спыніў дзейнасьць у Беларусі фінансавай піраміды «МММ-2011». Спэцслужбы затрымалі найбольш актыўных удзельнікаў арганізацыі, арыштавалі маёмасьць і аргтэхніку, заблякавалі рахункі, экспрапрыявалі плястыкавыя карткі. Тым часам прадстаўнікі сыстэмы заяўляюць, што спыніць мэханізм піраміды немагчыма і што ўся беларуская суполка, якая і да таго існавала ў віртуальнай прасторы, перамясьціцца ў Расею ды Ўкраіну.

Апячатаны офіс МММ у Менску.

Апячатаны офіс МММ у Менску.

Начальнік падразьдзяленьня галоўнага ўпраўленьня эканамічнай бясьпекі КДБ Ігар Клімовіч сьцьвярджае, што фінансавая піраміда ў Беларусі разваленая да самай асновы:

«Дзейнасьць кампаніі „МММ-2011“ на тэрыторыі Беларусі спыненая. І нікому ня варта цешыць сябе ілюзіямі — больш яе ня будзе. Мы не дазволім, каб сапраўды так лёгка можна было тут некага адурманіць. Я гарантую, што дзейнасьць менавіта гэтай кампаніі скончаная раз і назаўсёды. Распачатая крымінальная справа, праводзяцца сьледчыя мерапрыемствы, затрыманыя найбольш актыўныя ўдзельнікі, зь якімі працуюць сьледчыя. Дарэчы, частка зь іх актыўна пачынае супрацоўнічаць са сьледзтвам. Грашовыя сродкі — асноўная іх маса — ужо заблякаваныя, канфіскаваная вялікая колькасьць плястыкавых картак. Натуральна, хтосьці пацерпіць. Але тут, што называецца, мы папярэджвалі».

Цягам мінулага тыдня дзяржаўныя ведамствы супярэчліва рэагавалі на дзейнасьць «МММ-2011» у Беларусі. Кіраўніцтва дэпартамэнту барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС заяўляла, што ня мае прэтэнзіяў да гэтай структуры, бо няма ні пацярпелых, ні зваротаў пра парушаныя маёмасныя правы. Іншую пазыцыю заняў Нацбанк, прадстаўнікі якога назвалі піраміду Маўродзі «злом» і паабяцалі неўзабаве разабрацца. КДБ нічога не заяўляў, а проста арыштаваў «вярхушку» і маёмасьць беларускага крыла «МММ-2011».

Магчыма, радыкальныя захады прысьпешыў прызначаны на суботу 17 сакавіка ў Менску зьлёт беларускіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў фінансавай піраміды. Адным з пунктаў парадку дня якраз быў лікбез адносна нюансаў са справаздачамі ў падатковыя органы і пацьвярджэньне паходжаньня грашовых сродкаў. А дапусьціць выпрацоўку адзінай палітыкі спэцслужбы яўна не зьбіраліся.

Зрэшты, як кажа адзін з удзельнікаў «МММ-2011», усе размовы пра ліквідацыю фінансавай піраміды — ня больш чым заявы:

«Камітэтчыкі спрацавалі ўпустую. Тое, што яны кажуць — маўляў, мы спынілі дзейнасьць МММ у Беларусі, — гэта ўсё балбатня. Яны што, могуць спыніць працу „Твітэра“ ці „Фэйсбука“? Ня могуць. Так, пасадзілі некалькіх удзельнікаў, ускладнілі дзейнасьць у Беларусі. Але ж людзі будуць працаваць праз Расею, Украіну. Іх ужо зараз пераводзяць на расейскіх, украінскіх дзясятнікаў, то бок сыстэма іх бярэ на сябе. Усе выплаты яны атрымаюць. Іншая рэч, што складаней будзе, давядзецца шукаць шляхі, як перадаць гэтыя грошы, але ўсе свае кроўныя атрымаюць. Тое, што паарыштоўвалі рахункі, — для сыстэмы гэта, што называецца, плюнуць і расьцерці. Аднак зараз будуць пужаць людзей, каб тыя здалі дзясятнікаў, каб вярнуць грошы. Б’юць на шараговых людзей, каб тыя напісалі заяву, што іх падманулі. Бо фармальна яны ня могуць ні да чога прыдрацца. І тое, што хлапцоў арыштавалі, дык максымум да іх магла прычапіцца падатковая, што яны адкрылі нейкі офіс».
Натуральна, хтосьці пацерпіць. Але тут, што называецца, мы папярэджвалі.

Паводле прадстаўніка маскоўскага офісу «МММ-2011» Аляксандра Фурса, на гэты час дакладна невядома, колькі ўсяго супрацоўнікаў менскага кансультацыйнага цэнтру застаецца ў сьледчым ізалятары КДБ:

«Паводле нашых дадзеных, затрымана шэсьць чалавек, але ня выключана, што плюс яшчэ два. Пакуль з гэтымі двума не наладжаная сувязь. Хлопцаў мы не пакінем, да справы ўжо падключыліся адвакаты — як міжнародныя, так і нашы ўнутраныя. Мы лічым, што ўсё завершыцца пасьпяхова, бо ніхто нікога не падманваў, ніякага незаконнага прадпрымальніцтва ніхто ў Беларусі не ажыцьцяўляў. Калі ўладам штосьці не спадабалася — тое, што мы падтрымліваем сацыяльныя праграмы, што дапамагаем насельніцтву — дык трэба было адкрыта пра гэта сказаць, ня варта было адразу саджаць за тое, што людзі дапамагаюць іншым людзям. Я лічу, што гэта супрацьпраўна было зроблена, парушаныя свабоды менавіта грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Таму зараз будзем аказваць усялякую дапамогу ўсім пацярпелым, усім, хто аказаўся нахабна абкрадзены ў выніку канфіскацыі аргтэхнікі і плястыкавых картак, блякаваньня банкаўскіх рахункаў нашых людзей».

Камітэт дзяржбясьпекі распаўсюдзіў зьвесткі, што колькасьць беларусаў, уцягнутых у фінансавыя махінацыі, неўзабаве магла дасягнуць 100 тысяч. Незаконны прыбытак, паводле папярэдніх падлікаў, можа скласьці мільярды рублёў. Памер сярэдняга ўкладу — ад 500 да 2000 даляраў у эквіваленце. Але пакуль што ніхто сябе пацярпелым ад фінансавай піраміды афіцыйна не прызнаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG