Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачалося пасяджэньне Міждзяржаўнай рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Гэтую структуру таксама называюць Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай радай.

У пасяджэньні ўдзельнічаюць кіраўнікі Расеі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, а таксама краін, якія маюць статус назіральнікаў: Армэніі, Малдовы, Украіны.

Адкрываючы пасяджэньне, Дзьмітрый Мядзведзеў пацьвердзіў, што асноўны пункт парадку дня датычыцца выкананьня дамоўленасьцяў папярэдняга саміту ЭўрАзЭС, які прайшоў 19 сьнежня 2011 году, аб рэарганізацыі супольнасьці:

«Мы абмяркоўвалі гэтую тэму. Тады нават прагучалі прапановы неадкладна ліквідаваць ЭўрАзЭС, але потым, параіўшыся, мы вырашылі, што гэты працэс павінен насіць цывілізаваны характар і праходзіць у пэўных прававых рамках», — сказаў кіраўнік расейскай дзяржавы.

Афіцыйна паведамляецца, што на сустрэчы будуць абмяркоўваць «далейшае ўзаемадзеяньне дзяржаў інтэграцыйнага аб’яднаньня ва ўмовах стварэньня і разьвіцьця Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі і Казахстану», а таксама контуры будучых рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў.

ЭўрАзЭС плянуецца пераўтварыць у нейкае новае інтэграцыйнае аб’яднаньне, паведамляе БелТА:

«Рашэньне наконт базавых прынцыпаў праекту адпаведнай дамовы можа быць прынятае на цяперашняй сустрэчы».

Апрача таго, кіраўнікі дзяржаў зоймуцца ўніфікацыяй пашпартна-візавага кантролю ў дзяржавах-сябрах Мытнага саюзу.

Як паведамляе прэсавая служба Крамля, а 15-й гадзіне пачалася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе, у 16:30 — пачнецца нарада ў шырокім складзе, у 17:30 пра вынікі пасяджэньня на прэсавай канфэрэнцыі раскажа Дзьмітры Мядзьведзеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG