Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычных палітыкаў заклікаюць ігнараваць выбары


Аб’яднацца дзеля вызваленьня палітвязьняў заклікала сёньня ўсіх дэмакратычных палітыкаў Беларусі грамадзкая ініцыятыва «За волю».

Яна заклікае таксама ігнараваць выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія плянуюцца на сёлетнюю восень. Актывісты грамадзкай арганізацыі незадаволеныя, што ў апазыцыйных палітыкаў дагэтуль няма адзінай стратэгіі і тактыкі.

Прыняцьцю звароту папярэднічала шматгадзінная дыскусія ў фармаце «круглага стала». Актывістка арганізацыі, маці Паўла Севярынца — Тацяна патлумачыла:

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец
«Мы тут сабраліся не як палітычная структура. А як людзі, якіх жыцьцё павярнула да палітыкі. Праз наш боль, праз наш крык мы хочам сказаць палітыкам, якія яшчэ не зразумелі, што, ідучы на павадку нелегітымнай улады, яны яшчэ больш узмацняюць краты на вокнах вязьніцаў, дзе сядзяць нашыя дзеці. Яны закопваюць іх і топчуць, чым бы яны ні прыкрываліся.

Бо спачатку, пасьля сьнежня 2010 году, чула іх галасы: выбараў няма і ня будзе, удзельнічаць у іх ня будзем. І раптам — маеш, з канца лета пачынаецца: а мы пойдзем, а мы тое, а мы сёе...»

Ганна Шапуцька згадвае, што сёньняшні круглы стол мае назву «Яднаньне дзеля вызваленьня палітвязьняў»:

«Грамадзтва не разумее палітыкаў. Палітыкі трымаюцца асобна, яны нібыта самі па сабе. Бо людзі кажуць: якія выбары? што вы робіце? Людзі на працы, якія ня маюць ніякага дачыненьня да палітыкі, і тыя кажуць: навошта? чым вы займаецеся? якія парлямэнцкія выбары, на якія і так ніхто ня ходзіць? навошта вы іх рэклямуеце? Я, напрыклад, наконт таго байкоту скажу: я прыхільніца таго, каб агучыць няўдзел у выбарах. Бо нават байкот — форма ўдзелу ў выбарах. Выбараў — няма. І няма чаго ўдзельнічаць».

Усе актывісты арганізацыі «За волю», сярод якіх, у прыватнасьці, прадпрымальнік Алесь Макаеў, маці былога палітвязьня Андрэя Кіма — Тацяна, каталіцкая верніца Юлія Фралова, паставілі свае подпісы пад гэтым дакумэнтам.

Яны прынялі і другі зварот — да амбасадараў краінаў Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Дыпляматаў просяць перадаць кіраўніцтву эўрапейскіх структураў і сваіх краін, што кропкавыя эканамічныя санкцыі (напрыклад, адмова ад закупу беларускіх нафтапрадуктаў і транспартаваньня іх праз тэрыторыю краінаў ЭЗ) не паўплываюць на дабрабыт звычайных беларускіх людзей, бо «ўсе прыбыткі ад гандлю нафтай ідуць толькі ў кішэні дыктатара і ягоных памагатых»).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG