Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пробашч з Расонаў: «Малюся за душы расстраляных Уладзіслава ды Дзьмітрыя»


Каталіцкі сьвятар, пробашч парафіі ў Расонах айцец Вячаслаў паведаміў, што моліцца за душы Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, расстраляных у час Вялікага посту — на мінулым тыдні, невядома ў які дакладна дзень. Так ён моліцца з таго самага часу, калі іх абвінавацілі ў тэракце.

«Каталіцкая Царква моліцца за душы ўсіх асуджаных, у тым ліку і тых, хто ўчыніў самыя жорсткія злачынствы, — адзначыў айцец Вячаслаў. — Рэакцыя Касьцёлу, рэакцыя Ватыкану ў пытаньні жыцьця і сьмерці — безупынная. Гэта ня нейкая аднаразовая акцыя. На працягу двух тысячагодзьдзяў Касьцёл выступае ў абарону права чалавека на жыцьцё. Ва ўсім сьвеце, ва ўсіх краінах Касьцёл мае адназначную пазыцыю, ён ня можа дастасоўвацца да палітычнай улады, ён заўсёды захоўвае свой твар.

Што да канкрэтнага выпадку ў справе асуджаных Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, дык тут трэба прыгадаць інтэрвію нашага мітрапаліта Кандрусевіча ад 2 лютага на catholic.by . Ён зьвярнуўся афіцыйна да ўладаў Беларусі з заклікам увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, адзначаючы, што «жыцьцё чалавека зьяўляецца самым вялікім Божым дарам, які трэба бараніць ад зачацьця да натуральнай сьмерці. Нават калі злачынства было варварскім, пакараньне не павінна быць такім, бо паводле навучаньня Хрыста мы павінны кіравацца прынцыпам ня „вока за вока і зуб за зуб“, але прынцыпам любові, і нават да тых, хто чыніць нам зло... Зрэшты, і Праваслаўная Царква... мае вельмі падобны падыход да справы сьмяротнага пакараньня... таксама заклікае да памілаваньня асуджаных, што дае новыя магчымасьці для пакаяньня злачынцы».

«Свабода»: «Паводле словаў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, „ніякі тэрарыстычны акт ня можа быць апраўданы і злачынцы павінны атрымаць справядлівае пакараньне“. Але ж Царква за іх моліцца?»

а. Вячаслаў: «Тэрарызм — гэта найвышэйшае злачынства. Але мы молімся не за тэрарыстаў, мы молімся за чалавека. Трэба заўсёды адрозьніваць чалавека
мы молімся не за тэрарыстаў, мы молімся за чалавека ...

і ягоныя ўчынкі. Мы кажам, што, магчыма, тыя людзі, нават калі яны справядліва асуджаныя, калі яны сапраўды злачынцы, яны пакаяліся. Магчыма, магчыма. Мы молімся за таго, хто, магчыма, рабіў памылкі, але, магчыма, і пакаяўся. Царква — гэта супольнасьць грэшнікаў. І мы тым больш молімся за тых, якім гэтыя малітвы патрэбныя. Праведнік не патрабуе малітваў, ён не патрабуе пакаяньня».

«Свабода»: «Вядома, што ў краінах, дзе існуюць хрысьціянскія традыцыі, але дзейнічае сьмяротнае пакараньне, у тых жа ЗША, прадугледжаны больш працяглы пэрыяд паміж вынясеньнем выраку і яго выкананьнем: гэта цягнецца гады, часам дзесяцігодзьдзі. Робіцца гэта дзеля таго, каб мінімізаваць імавернасьць судовай памылкі. Па-другое, судовы працэс прадугледжвае сустрэчу нават неўцаркоўленага сьмяротніка зь сьвятаром, калі, зразумела, асуджаны ня супраць. Гэта робіцца дзеля таго, каб у чалавека быў шанец пакаяцца. Ваша стаўленьне да падобнай практыкі?»

а. Вячаслаў: «Апошняе пытаньне — ці мелі Канавалаў ды Кавалёў магчымасьць пакаяцца, выспавядацца сьвятару, — хвалюе мяне ўвесь час. На жаль, я нідзе не сустракаў інфармацыі, што Канавалаву ды Кавалёву прапанавалі магчымасьць пакаяцца, або — што тыя адмовіліся ад сустрэчы са сьвятаром. Бо сапраўды гуманнае грамадзтва павінна ўвогуле само прапанаваць такім вязьням сустрэцца са сьвятаром — праваслаўным, каталіцкім, пратэстанцкім. У чалавека да часу зьдзяйсьненьня прысуду ёсьць магчымасьць пераасэнсаваць свае дзеяньні. Гэта было б вельмі важным і для вязьняў, і для тых, хто пацярпеў, калі б быў зроблены падобны крок.

Што да іншых краінаў, дзе час паміж вынясеньнем выраку і яго выкананьнем больш працяглы, то гэта вельмі пазытыўная практыка. Бо памылкі здараюцца ў сыстэме правасудзьдзя кожнай краіны. І вельмі добра, калі гэта адкладаецца. Бо грамадзтва, дзяржава ўжо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць. Затрымаўшы, арыштаваўшы, ізаляваўшы пэўнага чалавека, яны пазбаўляюць яго магчымасьці рабіць зло. Клясычны аргумэнт на карысьць таго, што ня трэба сьпяшацца з выкананьнем пакараньня, — гэта прыклад зь вялікім кардыналам 20 стагодзьдзя Сьвёнтакам. Ён быў асуджаны злачынным рэжымам на сьмерць у 1939 годзе. У той час, напэўна, многім здавалася, што калі ён сядзіць у камэры сьмяротнікаў і цягам двух месяцаў чакае выкананьня выраку, то гэта акт правасудзьдзя. І толькі праз шмат гадоў да грамадзтва дайшло, што гэта сядзеў ня нейкі злачынца Казік, а вялікі кардынал Казімір Сьвёнтак. А калі б адбылося: сёньня вырак, заўтра расстрэл, — мы былі б пазбаўленыя гэтага чалавека».

«Свабода»: «У грамадзтве вельмі супярэчлівая пазыцыя адносна таго, ці варта выдаваць блізкім целы расстраляных. Згодна з існуючымі актамі, сваякам не дазволена ведаць, калі быў расстраляны іх сын ці муж, дзе яны пахаваныя. Гэта ўсё трымаецца ў сакрэце. Тым ня менш маці ўсё часьцей настойваюць на выдачы цела, каб пахаваць сваё дзіця. У Касьцёлу ёсьць нейкае стаўленьне да гэтага?»

а. Вячаслаў: «Я ня ведаю асобных выказваньняў Касьцёлу адносна таго, як трэба хаваць чалавека, якога асудзілі на сьмерць. У кантэксьце ўсяго навучаньня Касьцёлу мы выступаем у абарону права на жыцьцё чалавека. Касьцёл, Царква ставяцца зь вялікай пашанай да чалавека, да яго годнасьці, прычым не ананімнай. Таму і хаваць чалавека нельга ананімна. Няважна, быў ён добрым чалавекам ці злачынцам. І гэта ніяк не пярэчыць навучаньням Касьцёлу, калі маці настойліва дабіваюцца, каб ім выдалі целы расстраляных дзяцей. Я ня думаю, што грамадзтва нешта страціць, калі гэтыя палажэньні будуць перагледжаныя, калі сваякам выдадуць целы».

На самае апошняе пытаньне, ці ёсьць у цяперашнім беларускім грамадзтве прыкметы таго, што чалавека адрозьніваюць ад яго ўчынкаў, айцец Вячаслаў адказвае станоўча:

«Такое стаўленьне паказалі самі падзеі 11 красавіка 2011 году. Напрыклад, стаўленьне сваякоў ахвяраў да меркаваных злачынцаў. Пацярпелыя не патрабавалі дадатковых сьмерцяў. Наадварот, некаторыя з ахвяраў нават праяўлялі знакі міласэрнасьці да той жа сям’і Кавалёвых, прытуляючы маці і сястру Ўладзіслава ў сябе дома ў Менску. Гэта вельмі добрая прыкмета».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG