Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрнст Сабіла: «Як за Сяргея ніхто ня выйшаў, так і Сабілу ніхто не падасьць»


Эрнст Сабіла ля сваёй недабудаванай царквы.

Эрнст Сабіла ля сваёй недабудаванай царквы.

18 сакавіка пастар Беларускай эвангельскай царквы Эрнст Сабіла адзначыў 80-годзьдзе. Колішні палітвязень адмысловых урачыстасьцяў з нагоды юбілею ня ладзіў. Дзень народзінаў правёў у недабудаванай у Асіповічах царкве сярод сваякоў, аднаверцаў і мясцовых актывістаў. Царкву сьвятар узводзіць больш як дзесяць гадоў за свае сродкі і з дапамогай грамады вернікаў. Эрнст Сабіла адказаў на некалькі пытаньняў Беларускай Свабоды.

Карэспандэнт: «Эрнст Канстанцінавіч, беларускае грамадзтва шакаванае выкананьнем пакараньня, расстрэлам асуджаных па справе тэракту ў менскім мэтро Кавалёва ды Канавалава. Вашая думка на гэты конт якая? Ці справядліва асудзілі хлопцаў?»

Сабіла: «Што гэта за тэрарысты такія? Няма паўнаты адказу! У мяне была такая думка: „Пройдзе час, гэтых людзей ціхенька вызваляць“. Бог дае магчымасьць, каб чалавек не адышоў з гэтага сьвету без пакаяньня. Лепей бы даць гэтым людзям час, каб яны спавядалі сваё пакаяньне нават перад людзьмі, а ня толькі перад Богам. Забітых назад ня вернеш».

Карэспандэнт: «Сяргей Каваленка ўжо працяглы час трымае галадоўку. Ён дамагаецца вызваленьня. Вы таксама прайшлі празь нявольніцтва. Якія словы вы яму гатовыя сказаць, каб падтрымаць яго, каб уратаваць яго?»

Сабіла: «Беларусі патрэбны Сяргей жывы. Я быў у яго і гэта хацеў яму ўкласьці. Мае словы да яго не дайшлі. Я яго разумеў, хаця ў некаторых пытаньнях я яго не апраўдваю. Слова Божае кажа: „Аддайце целы вашы ў ахвяру…“, а далей словы — „…для разумнага служэньня вашага…“ Тыя, хто цябе задушыць праз тваю галадоўку — яны ўжо задушылі мільёны, і ніхто іх ня судзіць. Сёньняшні рэжым не баіцца слоў — ён баіцца сілы».

Карэспандэнт: «Працяглы час вы будуеце ў Асіповічах царкву. У ёй мы гутарым. Па ўсім відаць, каб скончыць будаўніцтва, патрэбны ня толькі час, але й дапамога. На чыю дапамогу вы разьлічваеце?»

Сабіла: «Я будую не для сябе нейкі тут катэдж. Тут знаходзяць сабе прытулак і беларусы нецаркоўнага складу. І можна было б крыкнуць усім тым беларусам, каторыя маюць капейку, якія маюць іх за мяжой, тут адна галыцьба, аднак хто адгукнецца? Гэта наш мэнталітэт такі. Як за Сяргея ніхто ня выйшаў, так і Сабілу ніхто не падасьць. Пакуль што хапае вось гэтага вось для нашых сходаў, а ў Бога ёсьць банк, і Ён нам адпусьціць».
У царкве Сабілы.

У царкве Сабілы.


Эрнст Сабіла нарадзіўся ў вёсцы Дзегцяроўка Менскага раёну. У 1951 годзе быў арыштаваны і абвінавачаны ў «актыўнай агітацыі з ужываньнем нацыянальных і рэлігійных забабонаў». Быў асуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд быў заменены на 25 гадоў зьняволеньня.

У 1964-м, праз 13 гадоў зьняволеньня, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасьці. Па вызваленьні Эрнст Сабіла знаходзіўся пад наглядам КДБ. У 1970-х гадах здолеў скончыць вячэрняе аддзяленьне Менскага інстытуту замежных моваў. З 1988 году Эрнст Сабіла — прасьвiтар Беларускай эвангельскай царквы. У 1989 годзе на першым зьезьдзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асьвячаючы палітычнае мерапрыемства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG